Снежань: марыць, сустракацца, чакаць сюрпрызаў…

Учора пачаўся снежань, пачалася каляндарная зіма.

Да Новага года, свята радасці і весялосці, яшчэ дастаткова далёка, наперадзе — чатыры доўгія снежаньскія тыдні.

Нехта з нас любіць снежань, а нехта — не. Можна зразумець і адных, і другіх.

У гэты перыяд найрадзей завязваюцца любоўныя інтрыгі і найчасцей здараюцца мігрэні… Раннія снежаньскія прыцемкі, густы ўсюдыісны туман, соннае калыханне замерзлых пасажыраў у тваім сонным ранішнім ці вечаровым тралейбусе і першы недахоп твайму арганізму вітамінаў — каго гэта можа натхняць?

Але, з іншага боку, думаю, вельмі многім з нас знаёмы і іншы смак снежаньскіх прыцемкаў: ты сядзіш, захутаны ў цёплы плед, побач з табой кубак з настоенай на мяце і мелісе гарбатай ці гарачым глінтвейнам, яшчэ побач з табой не менш гарачы пушысты і мяккі жывы клубок па мянушцы Томас ці Кэт, а ў руках — любімая кніга, ну, скажам, які-небудзь Фрэдэрык Бегбедэр з яго каханнем, якое жыве толькі тры гады, ці Уладзімір Караткевіч з яго ладдзёй роспачы, якая плыве ў вечнасць… Такую асалоду могуць прынесці толькі снежаньскія прыцемкі.

Асабіста я — недзе пасярэдзіне. Я магу і хандрыць у лістападаўска-снежаньскія дні, і сядзець, захутаны ў плед, з кнігай любімага пісьменніка ў руках.

Але ў гэты час мне заўсёды хочацца яшчэ аднаго — не проста ўткнуцца ў любімую кнігу, але і пагаварыць з жывым чалавекам. Пра зіму, пра жыццё, пра літаратуру. Наогул, хочацца нечым вельмі моцна па-добраму здзівіцца, каб развеяць зімовую тугу, каб зарадзіцца энергіяй, якая дазволіць пражыць снежань і ўсю астатнюю зіму з бадзёрым настроем, не з бязмоўным чаканнем вясны і сонца, а з асалодай нават ад гэтых снежаньскіх шарых дзён, ад таго, што ў любы час года могуць здарацца прыемныя сюрпрызы, якія ты можаш стварыць для сябе сам ці нехта іншы нечакана іх табе падорыць…

І такія сюрпрызы сапраўды здараюцца.

Літаральна днямі ў самым цэнтры Мінска, у гістарычным раёне Асмалоўка, насупраць прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”, з’явілася скульптура.

Яна крыху дзіўная, гэтая скульптура. Мы бачым юнака, захутанага ў плашч, з зачасанымі валасамі, з засяроджаным, але ў той жа час рамантычным позіркам і… вельмі-вельмі падобнага да маладога Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. Хто гэты юнак? Ці насамрэч Валодзя Караткевіч, які яшчэ вучыцца ў Кіеўскім універсітэце, піша бліскучыя вершы і ўжо выношвае ў душы свае неўміручыя раманы? Творы, якімі будзе захапляцца ўся Беларусь, якія і сёння застаюцца найбольш папулярнымі ў інтэлектуальнай беларускай моладзі…

Адказ зноў жа недзе пасярэдзіне. Гэта і Караткевіч, і не Караткевіч, а рамантычны паэт, засяроджаны ў сваім паэтычным одуме. Гэтую скульптурную кампазіцыю “Прысвячэнне паэту” стварыў вядомы скульптар Уладзімір Слабодчыкаў, і правобразам для яе сапраўды быў Уладзімір Караткевіч у маладосці.

Можна па-рознаму ставіцца да таго, што гэта нібыта і Караткевіч, і не Караткевіч. Можна ўпікаць ці скульптара, ці каго яшчэ ў тым, што фігура Уладзіміра Сямёнавіча заслугоўвае менавіта помніка, а не скульптурнай кампазіцыі з абстрактнай назвай. І такія нараканні ўжо вылезлі дзе-нідзе ў інтэрнэце. Але, па-першае, так бы мовіць, афіцыйныя помнікі пісьменніку ўжо ёсць — у Оршы, Віцебску, Кіеве. А, па-другое, што дрэннага ў нараджэнні новай інтэрпрэтацыі вобраза, у разліку на тое, што людзі, якія апынуцца ў гэтым месцы, будуць гадаць: Караткевіч гэта ці не Караткевіч? Ва ўнушэнні сабе самому, што гэта менавіта Уладзімір Сямёнавіч, а не хто іншы. Бо проста хочацца ў гэта верыць.

І чакаць новых сюрпрызаў — ад нашых мастакоў і пісьменнікаў, ад самога сябе і зімы, якая пачалася ўчора.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.