Алесь КАРЛЮКЕВІЧ: “Там, у родных паселішчах, у іх ваколіцах, — нашы душы і сэрцы…”

Прызнацца, зрабіць інтэрв’ю з вядомым пісьменнікам і журналістам, дырэктарам і галоўным рэдактарам Выдавецкага дома “Звязда”, лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” і прэміі “Залаты Купідон” Алесем Карлюкевічам хацелася даўно. Штосьці падказвала, што гутарка з гэтым чалавекам абавязкова будзе цікавай і насычанай. І не штосьці, а вось гэтая ўнушальная яго творчая даробка ў краязнаўчым кірунку — кнігі “Вяртанне да… Беларусі” (1994), “За Цітаўкаю — Слабада” (1997), “Далёкія і блізкія суродзічы” (1999), “І векавечны толькі край”, “Літаратурная карта Пухаўшчыны”, “Ігуменскі блакнот” (усе 2000), “Ад зямлі, якая нарадзіла ці натхняла” (2001), “Былое маё ажыло” (2002), “Зацітава Слабада” (2007), “Блонь” (2007, у суаўтарстве з Браніславам Зубкоўскім), “Сцежкамі Ігуменшчыны” (2008), “Радзімазнаўства” (2010), “І марам волю дам” (2011) і іншыя. Дадайце сюды яго творы для дзяцей, найперш кнігу “Прыгоды Шубуршуна”, працу ў межах выдавецкага праекта “У пошуках страчанага”, шматлікія газетныя і часопісныя публікацыі — і асоба Алеся Мікалаевіча паўстане ў зусім адмысловым святле. Звычайна пра такіх людзей кажуць проста — унікальныя. 
6 студзеня Алесь Мікалаевіч адзначыў 50-гадовы юбілей. А напярэдадні ён ласкава пагадзіўся адказаць на нашы пытанні.

— Алесь Мікалаевіч, давайце пачнём нашу гутарку з самага пачатку — з вашага маленства. Раскажыце, калі ласка, пра сваіх бацькоў, сям’ю, родную вёску…
— Бацькі мае — Мікалай Мікалаевіч Карлюкевіч і Яніна Міхайлаўна Ладуцька (такое ў мамы дзявочае прозвішча). Бацька — з Зацітавай Слабады, хату сваю пабудаваў непадалёку ад бацькоўскай, для мяне дзедавай, — на сядзібе свайго роднага дзеда. Мама — з вёскі Азярычына, якая месціцца непадалёк ад Рудзенска. Некалі быў асобны Рудзенскі раён. Цяпер — Пухавіцкі… Выразна салаўіны паэтычны край — Азярычына, Варонічы, Цітва, Церабель, Дудзічы… Радзіма многіх паэтаў і пісьменнікаў: адтуль — Міхась Чарот, Генадзь Кляўко, Уладзімір Хадыка, Уладзімір Ляпёшкін, Таіса Бондар, Пятро Рунец… Бацька працаваў у калгасе ў роднай вёсцы, пасля ў Пухавіцкай ПМК-70 рабочым (зараз меліярацыйнае прадпрыемства носіць назву Пухавіцкага ПВС). Мама — настаўніца пачатковых класаў.
Вёска наша ўнікальная, багатая на гісторыю. Вядомасць сваю мае з 1623 года. Некалі была цэнтрам калгаса. А зараз ужо нават няма і маёй Зацітава-Слабадской пачатковай школы. Рады, што напісаў і выдаў двойчы асобнымі кніжачкамі нарыс пра родную Зацітаву Слабаду. Канечне ж, не ўсё расказаў пра вёску, што трэба было б… Спадзяюся яшчэ вярнуца да расповеду пра наша роднае паселішча.

— Ці рана навучыліся чытаць, хто навучыў?
— Чытаць мяне вучыў бацька. Пасля ў 1 класе — Вольга Лявонцьеўна Свірыдава. Лічу, што пачатковая школа — аснова асноў. Ёй за многае ўдзячны. І настаўніку ў 2 класе франтавіку Андрэю Парфёнавічу Свірыдаву — таксама. У школе мяне ўразілі кнігі. Ім былі адведзены дзве шафы. Андрэй Парфёнавіч прызначыў мяне грамадскім бібліятэкарам. І пачалося маё захапленне чытаннем. Захапленне на ўсё жыццё. Асалода, якая і зараз ад многіх згрызот ратуе. І яшчэ — выхоўвае і адукоўвае.
Цудам, палацам, храмам была для мяне пасля сельская бібліятэка, якой загадвала Ніна Арсенцьеўна Абадоўская. Прыхо-дзячы туды літаральна з авоськай, я набіраў дахаты часопісаў, вельмі шмат чытаў паэзію. Найперш — беларускую. І зараз магу ўспомніць тыя вершаваныя зборнікі, якія прачытаў у 70-я — на пачатку 80-х, — “Зямля-магніт”, “Макаў цвет” Міколы Федзюковіча, “Крык сойкі” Пімена Панчанкі, “Ёсць на свеце мой алень” Аляксея Пысіна, “Рамонкавы бераг” і “Слухаю сэрца” Раісы Баравіковай, “Кляновік” Генадзя Пашкова, “Ядлоўцавы куст” Міхася Стральцова… А маімі любімымі часопісамі былі “В мире книг”, “Юность”, “Смена”, “Знание — сила”, “Техника — молодежи”… І ў “нелітаратурных” выданнях тады шмат друкавалася апавяданняў, урыўкаў з раманаў і аповесцей. Усё гэта літаральна праглынаў. З захапленнем чытаў газету “Книжное обозрение”. Дахаты выпісвалі “Маладосць”.

— Якія школьныя прадметы былі вашымі самымі любімымі?
— У пачатковай школе ўсе прадметы былі любімымі. У 4-5 класах — матэматыка. Вяла Ганна Барысаўна Вальфсон. Але неяк матэматыка пасля адышла на задні план. Перамаглі ўрокі беларускай літаратуры, якія цёпла, з душой выкладаў Рыгор Аляксандравіч Гардзей, і гісторыі. Асабліва памятнымі засталіся яны ў выкладанні Уладзіміра Аляксандравіча Яковіна і Васіля Маркавіча Лапко. Школа — аснова, падмурак. І разумею, што ўсе прадметы вельмі важныя, яны закліканы да гарманічнага развіцця асобы. Практыка выкладання выпрацавана дзесяцігоддзямі, стагоддзямі, таму школа і патрабуе асаблівай увагі. Ёсць і некаторае шкадаванне, што штосьці ў школе прапусціў, нечаму ўдзяліў меней увагі.
У сярэдняй школе вучыўся ў вёсцы Пухавічы. Нядаўна яна адзначыла 150-годдзе. З Зацітавай Слабады хадзіў пешшу. Часам ездзіў на аўтобусе. Але гэта накладвала сваю пячатку, бо штодня сапраўды адбывалася падарожжа ў школу. Вольнага часу хапала на ўсё. І бацькам дапамагалі, і ў калгасе ўлетку працавалі. Ды і верасень звычайна быў калгасным — уборка бульбы, буракоў, садавіны. І шмат часу праводзілі на рэчцы — і летам, і ўзімку. Канькі, самаробныя клюшкі, “каза” з металічнага дроту, санкі, лыжы, валейбол, футбол — усё гэта вабіла і прыцягвала. Побач — лясы. Грыбныя паходы заварожвалі… Часта любіў бываць у лесе адзін. Адтуль, з лясных паходаў, ад сустрэч з прыродай — многія эцюды, абразкі, што друкаваліся на старонках “Бярозкі”, “Піянера Беларусі”, у раённай газеце.

— Дарэчы, калі вы пачалі друкавацца?
— З 5 класа пачаў друкавацца ў рэспубліканскім дзіцячым друку, пасля — у “раёнцы”, “Чырвонай змене”, адчуў асалоду ў пісанні, пошуку тэм. Пачаў чытаць часопіс “Журналист”. Цікавіла спецыфіка журналісцкай работы. Кніга Г.Сагала “Дваццаць пяць інтэрв’ю” стала для мяне своеасаблівым падручнікам, настольнай кнігай.

— Якія былі самыя першыя дзіцячыя здзіўленне; адкрыццё; страх; радасць; асалода; любоў; нелюбоў; звычка і г.д.?
— Наўрад ці мае сэнс тут пералічваць асобныя пачуцці. Усе яны, дзіцячыя пачуцці, перажыванні звязаны з вясковым жыццём, яго арганізацыяй, з вясковым жыццём у межах калгаснага мыслення, калгаснай рэчаіснасці. І сацыяльная практыка — адтуль, з уяўленняў пра калгас, пра тое, як складваліся ў ім адносіны, як выбудоўваліся стасункі паміж грамадскім і прыватным. Мы бачылі, як дастаецца бацькам сена на карову, як здабываюцца дровы, мы разумелі не толькі радасці, але і складанасці. Можа быць, не асэнсоўвалі іх, але ж усё ці амаль усё бачылі і вачыма, і разумелі мазгамі сваімі, няхай сабе наіўнымі і неспрактыкаванымі… Вясковыя дзеці ў той час былі надзвычай вялікімі рэалістамі.

— Калі ўпершыню вы адчулі цягу да літаратуры і, у прыватнасці, да краязнаўчай літаратуры? Гэта быў нейкі канкрэтны момант, размова з нейкім чалавекам, нейкі ўнутраны імпульс? Ці маглі “падазраваць” у юнацтве, што некалі станеце летапісцам роднага краю? Магчыма, былі нейкія “намёкі”, знакі ад лёсу?
— Краязнаўства са мной — з самага маленства. У першую чаргу — ад бацькі. Ён быў неблагім апавядальнікам звычайных побытавых гісторый. Праўда, расказваў іх паміж справай. Часу на тое, каб пасядзець, спакойна пагаварыць, не дужа і было. Але ў размовах праскоквалі выразы, адмысловыя слоўцы, тапонімы і мікратапонімы. І моцны штуршок краязнаўству дала школа. Асабліва на ўроках Васіля Маркавіча Лапко. Ён выкладаў гісторыю ў 4 класе. Падручнік называўся — “Апавяданні па гісторыі СССР”, калі не памыляюся. І неяк так аказвалася, што ці не ўся гісторыя спалучана з нашай мясцовасцю. Гэта ўражвала. Калі ішла гаворка пра Айчынную вайну 1812 года, то аказвалася, што яна праходзіла і ў нашых ваколіцах. Што ўжо казаць пра Кастрычніцкую рэвалюцыю, стварэнне калгасаў, Вялікую Айчынную вайну… А непасрэдна да літаратурнага краязнаўства падштурхнулі сустрэчы з пісьменнікамі ў школе. Выдатная практыка была, калі на выступленні прыязджалі паэты і празаікі. Тады пазнаёміўся з Даірам Слаўковічам, Алесем Махначом, Станіславам Шушкевічам, Захарам Біралам. А ў школьнай бібліятэцы знайшоў кнігу Алеся Пальчэўскага з аўтографам. Пачаў збіраць выразкі з раённага і рэспубліканскага друку з публікацыямі вершаў, апавяданняў “пухавіцкіх” пісьменнікаў. І фактычна свае кнігі “Літаратурная карта Пухаўшчыны” і “І волю марам дам: літаратурная карта Пухавіччыны” я пачаў збіраць і пісаць тады, у школьныя гады.

— Вашы краязнаўчыя літаратурныя доследы вылучаюцца звышпунктуальнасцю, дакладнасцю, скрупулёзнасцю… Але адкажыце па магчымасці абагулена: а чым цікавая Пухавіччына, чым яна адметная, за што любіце яе вы (апрача, вядома, як за тое, што яна ваша малая радзіма)? Дарэчы, як ставіцеся да гэтага збітага словазлучэння “малая радзіма”? Радзіма бывае малой і вялікай?
— І мая вёска Зацітава Слабада, і Пухавічы, з якімі я парадніўся праз блізкіх мне людзей, — гэта радзіма, якая ў сэрцы. І я ўжо неяк не акрэсліваю, не “штампую” родныя ваколіцы пячаткай “малая радзіма”. Там, у родных паселішчах, у іх ваколіцах, — нашы душы і сэрцы. Нават тады, калі мы знаходзімся за тысячы кіламетраў ад дому. Чалавеку ўласціва нешта шукаць, вырывацца ў вялікі свет, падарожнічаць, але нават тады, калі мы сабе ў гэтым не прызнаёмся, у нас заўсёды ёсць прыцягненне, той магніт, што прымушае азірацца. Для мяне гэтае прыцягненне вельмі цёплае і вельмі патрэбнае.

— Ці маглі б назваць сем цудаў Пухавіцкага краю?
— Пухавіччына — гэта мацярык гістарычнай памяці, адлюстраванне лёсу Беларусі. Сем цудаў?.. Што ж, калі ласка. Вось мой суб’ектыўны выбар. Першы цуд — тапаніміка і мікратапаніміка Пухавіччыны. Французская Грэбля, Зафранцузская Грэбля, Турын, Дукора, Снусцік, Шацк, Азярычына, Люці, Хідра… Гэта — назвы паселішч. А вось толькі ў маёй вёсцы — мікратапонімы Міршчына, Прытыка, Разувалаўка… Гэта назвы частак вёскі. Другі цуд — людзі. У адным раёне нарадзіліся славуты акадэмік медыцыны, нейрахірург, якога ведае ўвесь свет, Арнольд Смеяновіч, віцэ-адмірал Іван Хурс, які на працягу многіх гадоў кіраваў разведкай ВМФ СССР, акцёр Іван Шаціла, паэт Уладзімір Хадыка, палітык Аляксандр Чарвякоў, скульптар Аляксандр Фінскі, гісторык і краязнаўца Аляксандр Ельскі… Трэці цуд — сядзіба памешчыкаў-рэвалюцыянераў Бонч-Асмалоўскіх у вёсцы Блонь. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў каго толькі яна пад сваю страху не прытуліла?! Чацвёрты цуд. Сядзібны парк у Дукоры і сама Дукора, якая свету выпеставала многіх легендарных асоб. Яшчэ адна праява адметнасці — праваслаўная царква ў вёсцы Блонь. З яе гістарычным лёсам шмат чаго звязана з падзей на Пухавіччыне, Ігуменшчыне (некалі тэрыторыя нашага раёна ўваходзіла ў Ігуменскі павет Мінскай губерні). Шосты цуд — месца артылерыйскага бою каля вёскі Вузляны. 1944 год, вызваленне. З акружэння спрабуюць вырвацца гітлераўцы. І невялікае воінскае падраздзяленне робіць усё магчымае, каб спыніць фашыстаў. Некалькі чалавек за гэты бой атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. І сёмы цуд — песні, фальклор Пухавіччыны. Прывяду некалькі запісаў прымавак з нашых мясцін: “Як пакорміш, так паедзеш”; “Шыць аўсяным штыхам”; “Хоць плач, хоць скач”; “Хто пытая, той ня блудзіць”. У Дукоры, напрыклад, гаварылі так: “Свая сярмяжка няцяжка”. А яшчэ: “Рабіць праз пень-калоду”; “Няма ні сіньпораху”, “Ні тпру, ні но”; “Не даць веры”; “На дварэ мароз, а пад носам адлега”; “Кося, кося, пакуль у аглоблі”. А вось як гаварылі ў Турыне: “Калі церці, дак да смерці”; “Каза плача, а воўк скача”; “3 вялікага грому дождж малы”. А ў наступным фразеалагізме — сапраўдная песня, жывы тэатр народнага слова: “Калі ня будзя зімою бела, то ня будзе ўлетку зеляна”. А якая магутная характарыстыка ўкладу жыцця ў наступным “дукорскім” выразе: “Дажыліся кулакі, што ні хлеба, ні мукі”. Хіба ж гэта ўсё не цуд?! Так, сапраўдныя моўныя залацінкі валодаюць цудадзейнай памяццю пра мінулыя стагоддзі… Дзе яшчэ адкрыеце вы для сябе слова “адзетак”?.. Адзетак — адзенне: “Мы некалі ня хадзілі ў школу затым, што ня было адзетку”. Толькі ў нашымі краі могуць “адпрэнчыць” — значыць, адвучыць. І адходаць могуць — адратаваць: “У Харавічах дзеўка хапіла вуксусу, дак чуць адходалі”. А непаваротлівага чалавека называюць ацеслівым: “Некі ён як ацеслівы, ідзе і чуць варочаецца”. А пасудзіну з клёпак, у якой б’юць масла, называюць бойкай. I калі яшчэ шмат дзе размову, гутарку называюць гавэндай, то ўжо пра тое, што жаба — гэта вярэпаўка, акрамя Пухавіччыны, рэдка дзе і пачуеш.

— Якая асабіста для вас самая-самая літаратурная (ці, можа быць, іншая) гісторыя Пухавіччыны? Раскажыце, калі ласка, пра яе.
— На Пухавіччыну напрыканцы 20-х выпадкова завітала англійская пісьменніца Соф’я Чэстэртон. Проста сышла з цягніка на чыгуначнай станцыі Пухавічы і крышачку затрымалася, каб пазнаёміцца з жыццём вёскі, першых камун. Пра гэта ў яе засталіся ўспаміны. І яшчэ. У час вайсковых вучэнняў у Доме творчасці “Пухавічы” ў Мар’інай Горцы арганізавалі абед для першых савецкіх маршалаў. Ды тыя военачальнікі, занятыя справай, крыху спазніліся. Пісьменнікі не вытрымалі і… з’елі абед. У свіце маршалаў былі тагачасныя карэспандэнты “Гудка” і вядомыя савецкія пісьменнікі, аўтары “Дванаццаці крэслаў”, Ільф і Пятроў. Уявіце сабе, як яны гэтую сітуацыю апісалі ў сваіх дзённіках?!

— Многімі сваімі кнігамі вы засведчылі, што Пухавіччына ў пэўным сэнсе была адным з найцікавейшых літаратурных гнёздаў Беларусі… Не крыўдна, што Пухавічы яшчэ не станавіліся сталіцай Дня беларускага пісьменства?
— Спадзяюся, што гэты час яшчэ для Пухавіччыны і Мар’інай Горкі прыйдзе. Але не блытайце… Вёска Пухавічы знаходзіцца за сем кіламетраў ад раённага цэнтра. А райцэнтр на Пухавіччыне — горад Мар’іна Горка. Праўда, у Мар’інай Горцы ёсць чыгуначная станцыя, якая таксама завецца Пухавічы.

— Радзімазнаўства — навука гуманітарная? Хто, дарэчы, вынайшаў гэты тэрмін? Асабіста вы?
— Паэт Сяргей Панізьнік, доктар філалогіі Адам Мальдзіс прыпісваюць часам мне вынаходства гэтага тэрміна. Пра гэта гаварыў і нябожчык Віталь Скалабан… Так, у некалькіх даўніх артыкулах, рэцэнзіях замест ужывання краязнаўства я пісаў
“радзімазнаўства”… Мне так болей падабаецца. Лічу, што так болей эмацыянальна і акрэслена. Тут крыху іншая філасофія, чым у слова “краязнаўства”. Яшчэ часам у дачыненні да некаторых краязнаўчых кніг гавару “вясковазнаўства”… Але гэтае вызначэнне пакуль што не вельмі прыжылося. Сапраўды, хочацца, каб радзімазнаўства было сардэчнай і душэўнай, грунтоўнай навукай. Навукай жыць з любоўю да Айчыны.

— Давайце звернемся цяпер да яшчэ аднаго аспекта вашай дзейнасці і творчасці — маю на ўвазе журналістыку, рэдактарства… Разумею, што і вам асабіста, і беларускаму слову цяпер няпроста. Але давайце паспрабуем паразважаць геаграфічнымі катэгорыямі. Выдавецкі дом “Звязда” — гэта выспа, мацярык, кантынент, акіян ці яшчэ што-небудзь іншае ў сённяшняй вербальнай і медыяпрасторы Беларусі?
— Выдавецкі дом “Звязда” — сучаснае медыйнае прадпрыемства. У склад яго ўваходзяць парламенцкая і ўрадавая газета “Звязда”, часопісы “Полымя”, “Маладосць”, “Вожык”, “Нёман”, газета “Літаратура і мастацтва”, кніжная група. Зарэгістраваны дадаткі: да “Звязды” — “Мясцовае самакіраванне”, “Чырвонка. Чырвоная змена”. Да “Маладосці” — “Бярозка”. Стварыўшы рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову “Выдавецкі дом “Звязда”, Міністэрства інфармацыі, іншыя дзяржаўныя інстытуцыі паставілі пытанне аб пошуку новых вартасных шляхоў да пашырэння культуралагічнай, асветніцкай, літаратурна-мастацкай інфармацыйнай прасторы. І найперш — якраз на беларускай мове.

— Якія праекты “Звязды” вылучылі б? Якія найбольш дарагія асабіста для вас?
— Газета “Звязда” як выразнік пазіцыі дзяржавы, як выданне, якое з’яўляецца інтэлектуальным лакаматывам беларускасці ва ўсіх яе праявах, — вось што галоўнае, тое, што хвалюе з раніцы да вечара. Літаратурна-мастацкая перыёдыка, яе запатрабаванасць — і гэта клопат з клопатаў для ўсяго нашага калектыву.

— Што ў планах? Якім бачыце далейшае развіццё вашага медыяхолдынга?
— Мы шмат часу аддаём кнігавыдавецкай дзейнасці. Да ста назваў кніг у год выходзіць у Выдавецкім доме “Звязда”. Друкуем зборнікі серыі “Школьная бібліятэка”. Выдаём кнігі з тэкстамі для пазакласнага чытання. Стараемся, каб яны суправаджаліся сучаснай крытыкай. Мы выдалі і факультатывы па беларускай літаратуры. Уважлівае наша выдавецтва да сучаснай мастацкай літаратуры. Заклікаем і настаўніцтва рабіць падказкі, звяртаць нашу ўвагу на тое, што трэба найперш вы-даць. Шмат працуем з дзіцячай літаратурай. Шукаем і цікавых аўтараў. Калі хтосьці з настаўнікаў гатовы да супрацоўніцтва з намі на ніве выдання краязнаўчай літаратуры, будзем толькі рады гэтаму.

— Яшчэ адна вялікая ваша тэма — дзіцячая літаратура. Як нарадзіўся, адкуль прыйшоў ён, ваш Шубуршун? Што гэта за слова? Можа, з вашага асабістага дзяцінства?
— Шубуршун — герой з дзяцінства маёй дачкі Веранікі. Яна нават некалькі невялікіх казачак пра яго напісала і надрукавала ў школьныя гады ў газеце “Раніца”. А яе настаўніца Вія Генадзьеўна Ігнатовіч паставіла перадачу на тэму прыгод Шубуршуна на Беларускім тэлебачанні. А я асабіста да Шубуршуна вярнуўся параўнальна нядаўна. Ужо выйшлі дзве кнігі — “Прыгоды Шубуршуна” і “Як Шубуршун падарожнічаў па Свіслачы”. Чакае выдання кніга “Новыя прыгоды Шубуршуна”. Вядомая кіеў-ская пісьменніца Галіна Тарасюк пераклала казкі на ўкраінскую мову. Па-руску ў перакладзе Алега Ждана гісторыі пра Шубуршуна друкуюцца ў газеце “Зорька”. У адной з мар’інагорскіх школ па гісторыях пра Шубуршуна зроблены спектакль, за што я вельмі ўдзячны настаўнікам-землякам.

— Якія прыгоды яго яшчэ чакаюць?
— Шубуршун жыве сваім жыццём. І, канечне ж, яго чакаюць новыя прыгоды. Мо ён нават адправіцца ў падарожжа ў Інданезію, на Балі, разам са сваімі сябрамі. І там пазнаёміцца з побытам, жыццём невядомых яму дагэтуль народаў. І абавязкова атрымае новыя веды і новыя ўрокі жыцця. Але галоўныя шляхі-дарогі ў падарожжах Шубуршуна звязаны з роднай Беларуссю.

— Ведаю, што вы шмат кантактуеце з замежнымі дзіцячымі пісьменнікамі… Беларуская літаратура для дзяцей і юнацтва — чым яна адметная на фоне іншых? Яна сапраўды сёння перажывае бум?
— Беларуская літаратура для дзяцей і юнацтва — і на беларускай, і на рускай мовах (назаву імёны аўтараў — Алег Ждан, Наталля Ігнаценка, Алена Папова, Андрэй Смятанін, Яўгенія Пастэрнак, Андрэй Жвалеўскі) — развіваецца досыць інтэнсіўна. Алесь Бадак, Віктар Гардзей, Вольга Нікольская, Раіса Баравікова, Алена Масла, Наталля Бучынская, Валерый Гапееў, Уладзімір Ліпскі, Расціслаў Бензярук, Анатоль Бензярук, Георгій Марчук, Галіна Пшонік, Андрэй Федарэнка, Генадзь Аўласенка, Анатоль Бутэвіч, Міхась Пазнякоў — іх кнігі некалькіх апошніх гадоў прачытаў з вялікай асалодай. Нам ёсць чым ганарыцца. Важна, каб гэта разумелі выдаўцы і ўсе, хто апякуецца клопатамі па пашырэнні прасторы дзіцячага чытання. Некалькі гадоў назад Саюз пісьменнікаў Беларусі правёў цікавы пленум па дзіцячай літаратуры. Думаю, што такое абмеркаванне праблем і клопатаў беларускай дзіцячай літаратуры прадоўжыцца.

— Напрыканцы, Алесь Мікалаевіч, дазвольце задаць шэраг простых пытанняў пра чалавечае, грамадзянскае, побытавае… Ці маеце любімае хобі? Адкуль, як яно з’явілася?
— Збіраю кнігі. Хаджу ў букіністычныя крамы. З розных краін прывожу кнігі, мастацкія альбомы. Збіраю каталогі розных выдавецтваў. У дзяцінстве, як і многія дзеці таго часу, захапляўся філатэліяй. Адгалоскі захаплення — і ў адной з маіх новых казачных кніг пра падарожжы хлопчыка, які збірае паштовыя маркі. І фактычна дзякуючы ім адкрывае для сябе новыя краіны.

— Якія якасці больш за ўсё цэніце ў людзях? І якія найбольш не прымаеце?
— Найбольшай праявай чалавечнасці лічу дабрыню. Цяжка быць добрым. Цяжка вытрымліваць і мяжу паміж патрабавальнасцю і пустой, абыякавай дабрынёю… Вельмі цаню стрыманасць. Не прымаю агрэсіі, злосці. Не разумею людзей, якія груба і прымітыўна жартуюць. Цынізм лічу праявай пэўных комплексаў. Затое з разуменнем стаўлюся да крытычнага асэнсавання жыцця, да крытычных заўваг і асабіста да мяне.

— Ваш лепшы сродак барацьбы з дэпрэсіяй…
— Пешая прагулка.

— Ваша любімая (а можа, не адна, а, напрыклад, тры) кніга?
— “Альпійская балада” Васіля Быкава. “Марцін Ідэн” Джэка Лондана. “Новая зямля” Якуба Коласа. “Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну” Яраслава Гашака.

— Якое, на ваш погляд, найбольш знакавае пытанне беларусаў (па аналогіі з рускімі “Что делать?” і “Кто виноват?”)?
— Што будзе заўтра?

— Пытанне-праблема, над якім часцей за ўсё думаеце самі, ды так і не знаходзіце адказу?
— Ці застанёмся беларусамі — па праявах характару, па мове, па тых спадчынных характарыстыках, якія пакінулі нам папярэднікі…

— Ці верыце ў гараскопы, забабоны і да т.п.?
— Чытаю, знаёмлюся. І жыву без звароту да іх… На прымхі, забабоны звяртаю ўвагу як на частку беларускай народнай культуры. Увесь жыццёвы вопыт папярэдніх пакаленняў нечым цікавы…

— У чым сэнс жыцця?
— У тым, што твае справы, тваё жыццё будуць прадоўжаны… У тым, што пасля чалавека застаецца, так бы мовіць, спадчына. Не абавязкова матэрыяльная…

— Ці ёсць жыццё пасля смерці?
— Не ведаю.

— Вялікі дзякуй вам за шчырую гутарку! З юбілеем вас! Натхнення, плёну, здароўя!

Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.
Фота Кастуся ДРОБАВА.