У гэтым лістападзе штомесячны літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс “Нёман” адзначае 70-годдзе. Вокладка 11-га нумара выдання наглядна дэманструе яго гісторыю праз… партрэты яго галоўных рэдактараў у розныя часы, сярод якіх нямала і класікаў нашай літаратуры, — народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна (1952—1953), Міхася Калачынскага (1953—1954), народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі (1954—1958), Яўгена Васілёнка (1958—1966), народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка (1966—1977), Анатоля Кудраўца (1978—1997), Алеся Жука (1997—2002), Ніны Чайкі (2002—2008), Міхася Пазнякова (2008—2009), Алеся Бадака (2009—2014)…
З 2014 года “Нёман” узначальвае Аляксей Чарота — здаецца, самы малады з усіх рэдактараў часопіса з такой багатай гісторыяй. Гутарым сёння з ім з нагоды юбілею выдання.
— Аляксей Іванавіч, якой вы бачыце галоўную місію часопіса “Нёман”?
— Яна як была ад пачатку зададзена, яшчэ ў 1945 годзе, так і засталася па сёння — найперш знаёміць чытача з літаратурнымі творамі на рускай мове. Па першым часе ў часопісе друкаваліся толькі рускамоўныя пісьменнікі Беларусі і іншых рэспублік Савецкага Саюза, а ўжо з 1951 года, прычым пастановай ЦК КПБ, было вырашана друкаваць разам з арыгінальнымі творамі на рускай мове яшчэ і лепшыя творы беларускамоўных пісьменнікаў у перакладзе на рускую мову.
— Кола вашых чытачоў абмяжоўваецца жыхарамі нашай краіны ці ахоплівае таксама і іншыя?
— У ранейшыя часы “Нёман” чыталі ва ўсіх савецкіх рэспубліках. Цяпер, калі ёсць інтэрнэт, а ў ім — сайт часопіса, з яго зместам можа знаёміцца рускамоўны чытач з усяго свету.
— Пазнаёмце, калі ласка, нас бліжэй з гісторыяй часопіса. Які перыяд вы лічыце самым плённым? Я ведаю, напрыклад, што былі часы, калі тыраж “Нёмана” дасягаў ажно 100 тысяч экзэмпляраў…
— Было, што і да 300 тысяч тыражы даходзілі.
— У гэта проста немагчыма паверыць!
— Было! Сапраўды было такое… Ну, а калі рабіць пэўны экскурс у гісторыю, то, безумоўна, варта пачаць з 1945 года. Спачатку ён нарадзіўся як альманах з перыядычнасцю выхаду — раз у два месяцы. Першыя нумары выйшлі пад назвай “Айчына”, затым назвай стала “Савецкая Айчына”. Дарэчы, да 1952 года галоўнага рэдактара ў выдання не было, за ўсё разам адказвала рэдакцыйная калегія. У 1960 годзе выданне атрымала сённяшнюю назву “Нёман”. А з 1966 года часопіс пачаў выходзіць 12 разоў на год, і гэта ўжо быў паўнацэнны тоўсты літаратурны часопіс. У савецкія часы, у 60-я, асабліва ў 70-я гады, “Нёман” быў сапраўды вельмі папулярны на прасторах усяго СССР. І папулярнасць гэтая тлумачылася тым, што “Нёман” з’яўляўся, бадай, адзіным савецкім літаратурным часопісам, які не баяўся друкаваць такія рэчы, як, напрыклад, паэма “Брацкая ГЭС” Еўтушэнкі. Яе адмовіліся ўзяць усе маскоўскія часопісы. Або, напрыклад, менавіта ў “Нёмане” ўпершыню ў Савецкім Саюзе былі надрукаваны пераклады Маркеса. І гэты спіс унікальных публікацый, дзякуючы якім савецкі чытач атрымліваў магчымасць знаёміцца з творамі забароненых ці непажаданых пісьменнікаў, адкрываць для сябе імёны знакавых сучасных замежных творцаў, можна было б доўжыць і доўжыць… А ў выніку і выходзіў такі тыраж — 300 тысяч экзэмпляраў, якія разыходзіліся па ўсім Саюзе.
— Што структурна ўяўляе сабой сёння літаратурны кантэнт часопіса?
— Гэта, безумоўна, найперш такія раздзелы, як паэзія і проза. Значна радзей друкуем драматургію, бо апошняя ўсё-такі не з’яўляецца часопісным жанрам.
Акрамя таго, з 2009 года, калі па розных прычынах давялося закрыць часопіс “Сусветная літаратура” як асобнае выданне, яно перабралася ў “Нёман” і стала выходзіць, так бы мовіць, як часопіс у часопісе. Гэта, натуральна, пераклады сусветнай літаратуры, прычым хацеў бы заўважыць, што гэтыя пераклады выходзяць упершыню на рускай мове, мы не друкуем перадрукоўкі, напрыклад, з расійскіх часопісаў. У нас сфарміравалася сваё кола перакладчыкаў. Стараемся знаходзіць новыя імёны, незнаёмыя нашаму чытачу, хаця бывае, што і ў класікаў знаходзім не вядомыя раней рэчы, як, напрыклад, раман Жоржа Сімянона “Чалавек па мянушцы Мыш”, надрукаваны ў кастрычніцкім нумары. Гэты раман ніколі і нідзе не гучаў раней на рускай мове…
Не магу не сказаць і пра такую важную нашу рубрыку, як “Сябрына”, дзе друкуюцца творы пісьменнікаў з былых рэспублік Савецкага Саюза, каб захаваць ранейшыя напрацаваныя дзесяцігоддзямі літаратурныя сувязі. У нас ёсць, напрыклад, такія сябрыны, як “Беларусь — Расія”, “Беларусь — Казахстан”, “Беларусь — Арменія” і г.д. Тут варта яшчэ дадаць, што, дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы, раз на год у нас выходзяць нумары, прысвечаныя сучаснай расійскай літаратуры, у тым ліку літаратуры, якая ствараецца ў аўтаномных рэспубліках Расійскай Федэрацыі.
— Цікава, а як вы перакладаеце слова “сябрына” на рускую мову?
— Мы не перакладаем яго, яно так і ідзе ў нас — сябрына.
— Якое месца адводзіцца ў часопісе літаратурнай крытыцы і публіцыстыцы?
— Без гэтых сегментаў, думаю, не абыдзецца ні адзін сур’ёзны літаратурны часопіс. Што тычыцца публіцыстыкі, то мы шмат увагі ўдзяляем нашай гісторыі, у прыватнасці, Вялікай Айчыннай вайне. І, трэба заўважыць, гэтая тэма знаходзіць вельмі шырокі водгук у чытачоў. Нам давялося стварыць нават асобную рубрыку для такіх матэрыялаў, яна называецца “И помнит мир спасённый”.
Ёсць у нас і рубрыка “Час. Жыццё. Літаратура”, назва якой сама за сябе гаворыць. Гэта развагі пра сучасную літаратуру, згадкі з літаратурнага жыцця ў мінулым, аналіз міжлітаратурных сувязей, інтэрв’ю са значнымі дзеячамі літаратуры і інш.
Грамадскаму жыццю, гісторыі нашай краіны прысвечана рубрыка “Дакументы. Запіскі. Успаміны”.
У рубрыцы “Культурны свет” мы расказваем пра падзеі або асоб са свету тэатра, музыкі, выяўленчага мастацтва, кіно і г.д. Дарэчы, у 2015 годзе мы заключылі дагавор з Беларускім саюзам музычных дзеячаў, і цяпер гэтая грамадская арганізацыя гучыць у кожным нумары часопіса.
Ну, і скажу пра некаторыя больш кампактныя нашы рубрыкі, але якія таксама для нас важныя: “Літаратурны агляд” са сваімі падрубрыкамі (“З пункту погляду рэцэнзента”, “Літаратурны партрэт”, “Імёны”, “Мастацтва абмеркавання”), “Напрыканцы” (матэрыялы з пошты часопіса, навіны аб міжлітаратурных кантактах і г.д.).
— Аляксей Іванавіч, ці не маглі б вы зараз абмаляваць пэўны абагульнены вобраз сённяшняга чытача часопіса “Нёман”? Гэта найперш настаўнік, сталы інтэлігент, які застаў яшчэ тыя часы, калі аўтарытэт тоўстых літаратурных часопісаў быў непарушным? Хто ўсё-такі гэта?
— Не сакрэт, што ўвага да літаратуры наогул сёння зусім не тая, якой была яшчэ 20 гадоў назад. Чытаць цяпер, на жаль, стала нямодна, а калі і чытаюць нешта, то не зусім тое, што хацелася б. Я гэта бачу і па дзецях сучасных… Таму, адказваючы на ваша пытанне, я, мабыць, апісаў бы нашага ідэальнага чытача. Гэта ў любым выпадку інтэлігент, прычым не толькі той інтэлігент, які яшчэ заспеў тыя часы, калі “Нёман” быў на піку сваёй папулярнасці, але і сённяшні інтэлігент, прадстаўнік рознай інтэлігенцыі, у тым ліку і тэхнічнай. Яшчэ, безумоўна, гэта настаўнік, бо настаўнікі — гэта людзі, ад якіх залежыць лёс нашай краіны, тое, якой яна будзе праз 20—30 гадоў… А мы ў сваю чаргу, здаецца, стараемся вытрымліваць гэтую планку сапраўднай літаратуры, і наша задача — даваць чытачу зразумець, чым адрозніваецца яна ад усяго таго, чым сёння завалена інфармацыйная прастора. І, безумоўна, нам бы вельмі хацелася, каб людзі арыентаваліся менавіта на сапраўдную літаратуру, а не на інтэрнэтнае смецце…
— Юбілейны — лістападаўскі — нумар “Нёмана” будзе асаблівым?
— Ды не сказаў бы. Будзе ўсё, як заўсёды: паэзія, проза, публіцыстыка, крытыка і г.д. Вядома ж, мы пастараліся сабраць тут лепшыя ўзоры гэтых жанраў… Сярод нейкіх асаблівасцей — вокладка, на якой мы бачым партрэты ўсіх галоўных рэдактараў, якія рабілі “Нёман”. А яшчэ нашы супрацоўнікі знайшлі рэцэнзію на самы першы нумар альманаха “Айчына” 1945 года, прычым гэтая рэцэнзія была разгромная (Усміхаецца. — М.Ч.), але мы ўсё-такі вырашылі надрукаваць яе, каб людзі ведалі, з чаго ўсё пачыналася…
— Літаральна праз гадзіну пасля нашага інтэрв’ю вы пойдзеце рэдакцыйным дэсантам выступаць перад студэнтамі на філалагічны факультэт БДУ. Якіх чакаеце ад іх пытанняў?
— Ды любых, нават самых правакацыйных. Галоўнае, каб у іх адчувалася шчырая зацікаўленасць у тым, што робім мы нашым часопісам, што робіцца ў нашай сучаснай літаратуры.
— Аляксей Іванавіч, напрыканцы некалькі пытанняў непасрэдна да вашай творчай асобы… Вы яшчэ зусім малады чалавек. Што асабіста адчуваеце, кіруючы часопісам з такой вялікай гісторыяй, за якой стаяць такія вялікія імёны?
— Ну… (Крыху задумаўшыся. — М.Ч.) Страшна… Страшна сапсаваць тое, што ўжо напрацавана дзесяцігоддзямі.
— Што для вас літаратура?
— Жыццё.
— І..?
— І жыццё.
— Вы актыўна перакладаеце з паўднёваславянскіх моў, найперш сербскай… Які пераклад зараз ляжыць на вашым працоўным стале?
— Я вось нядаўна вярнуўся з Бялградскага кніжнага кірмашу, які, дарэчы, мяне вельмі ўразіў і сваімі маштабамі, і цікавасцю яго наведвальнікаў да літаратуры, — мы можам тут толькі пазайздросціць. Прывёз адтуль цэлы стос кніг, але, шчыра кажучы, пакуль яшчэ не паспеў іх раскласці, разабраць, што, з чаго пачынаць.
— А ўвогуле, якая тэма найбольш кідаецца ў вочы ў сённяшняй сербскай літаратуры? Што не скажаш, напрыклад, пра сённяшнюю беларускую літаратуру.
— У той, сербскай, літаратуры, якую я перакладаў, вельмі часта гучыць тэма Расіі. Для іх Расія — гэта нешта вельмі важнае… Для іх яна як надзея. Хаця ёсць і ў Сербіі пісьменнікі, якія глядзяць на Захад.
— Хто з югаслаўскіх пісьменнікаў вас найбольш уразіў за апошні час?
— Напэўна, Драгаслаў Міхайлавіч, іх класік. Сёння яму 85 гадоў, але ён па-ранейшаму працуе. Дарэчы, падчас майго візіту ў Бялград мне пашчасціла з ім пазнаёміцца. Ён вельмі цікавы і як чалавек, і як пісьменнік… Я перакладаў і яго апавяданні, і фрагменты з яго рамана “Голі-Отак”, што значыць “голы востраў”.
— Што азначае гэтая метафара?
— Гэта не метафара, гэта імя ўласнае. Так называецца востраў у Адрыятычным моры, і так называўся канцэнтрацыйны лагер для палітзняволеных, які там быў створаны ў 1949 годзе…
— Бачыце, а я і не ведаў… Вялікі дзякуй вам за гутарку. З юбілеем “Нёмана”!
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Юрыя ІВАНОВА.