Аnimal-элiта Ганны Чапурной-Алейнік

Ствараць інтэр’ерныя лялькі на аснове пап’е-машэ Ганна Чапурная-Алейнік навучылася крыху больш за год назад. Самазастывальная гліна, бісер, тэкстыль і іншыя матэрыялы, зліваючыся ў яе руках, ператвараюцца ў цудоўных жывёл. Не ў звычайных аднарогаў, сланоў, кароў і насарогаў, а ў сапраўдных арыстакратаў — аnimal-эліту! Фантазія мастачкі здзівіла і захапіла нават прафесійнае журы І Міжнароднай выставы-конкурсу аўтарскіх лялек “Панна Doll’я”, якая на працягу трох дзён радавала наведвальнікаў сталічнага Палаца спорту. Брэстаўчанка заняла першае месца!

Сярод аўтараў экспазіцыі былі майстры з Беларусі, Расіі, Казахстана, Латвіі, Германіі і іншых краін. Конкурс, які адбыўся ў рамках выставы, вызначыў лепшых вытворцаў скульптурных, тэкстыльных і шарнірных лялек. Конь “Цудоўная мяцежніца” Ганны Чапурной-Алейнік аб’яўлены пераможцам сярод скульптурных работ. Дарэчы, гэты твор вышынёй 45 сантыметраў жыхары Брэста ўбачылі першымі: у лютым ён упрыгожыў праект маладых мастакоў “Сёння — гэта мы” ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра.
— Я прывезла ў Мінск шэсць лялек, адну з іх прадставіла на конкурс, — расказала Ганна. — Для мяне вельмі важна было атрымаць добрыя водгукі, паколькі ў гэтай справе я навічок. Асвойвала тэхналогію самастойна. Прыемна, што новыя вобразы спадабаліся гледачу, у тым ліку і мастакам з Санкт-Пецярбурга, якія былі ў складзе журы. Зараз працую над чарговым праектам і гатова ўдзельнічаць у іншых выставах, бо так набываецца вопыт, павышаецца творчы ўзровень.

Заўважым, акрамя дыплома пераможцы, Ганна Чапурная-Алейнік атрымала права на бясплатны ўдзел у ІІ Міжнароднай выставе “Панна Doll’я”, якая адбудзецца ў сакавіку 2015 года. Колькі лялек можна зрабіць за гэты час, калі звычайна на адну патрабуецца 3-4 месяцы!
— Усю сябе прысвячаю лепцы, але не хочацца губляць сувязі з жывапісам, — прызнаецца Ганна Чапурная-Алейнік. — Вобразы насарога, каня, слана прыйшлі ў лялькі з маіх карцін, бо апошнія гады я пісала ў асноўным гэтых жывёл. З імі ў мяне звязаны асабістыя асацыяцыі. Напрыклад, конь у маім разуменні ўвасабляе чысціню, цярпенне, высакароднасць. Слон — спакой і мудрасць. Насарог — спакой і міралюбівасць. Дарэчы, я раблю белых насарогаў, якія ёсць толькі ў легендах і міфах.
У сваіх ляльках таленавітая брэстаўчанка стараецца ачалавечыць вобразы жывёл. Гаворыць, рукі робяць тое, што яна адчувае інтуітыўна. Галоўнае, каб глядач паверыў у цуд і адчуў душэўную іскру аўтара. А лялькі Ганны Чапурной-Алейнік — сапраўдны цуд!
Што цікава: конь Ганны, як і карова альбо насарог, таксама мае ражок. Чаму?
— Біўні і рогі для мяне не з’яўляюцца сімваламі абароны або агрэсіі. Ражок у маіх коней выклікае ў гледача дадатковыя асацыяцыі, — тлумачыць мастачка. — Ён сімвалізуе ўнутраную моц. Сілу характару, волі…
Можа, таму адзін са сваіх твораў аўтар назвала “Цудоўная мяцежніца”? Гэта сімвал унутранай барацьбы за лепшыя якасці ў самой сабе, барацьбы, у якой перамагае прыгожае, добрае, цудоўнае; сімвал перамогі над сабой.

Алена ГАРМЕЛЬ.
Фота аўтара.