Добрае далёка чутно…

У выдавецтве “Тэхналогія” пабачыў свет унікальны даведнік — першае сістэматызаванае апісанне парэміялагічнага і фразеалагічнага багацця мовы жыхароў Косаўшчыны.

Косаўшчына займае значную частку Івацэвіцкага раёна, а гэта больш за 60 вёсак, размешчаных вакол мястэчка Косава, якое значны час было цэнтрам асобнага раёна. Гаворкі на гэтай тэрыторыі адносяцца да гродзенска-баранавіцкай дыялектнай групы, якая вельмі блізкая да беларускай літаратурнай мовы і вызначае яе нацыянальную спецыфіку. Кніга Алеся Зайкі мае незвычайна доўгую назву — “Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны”. Выдане мае аб’ём 288 старонак. Яго аўтар — няўрымслівы, руплівы, старанны збіральнік народнай лексікі, фразеалогіі, парэміялогіі, мікратапаніміі, фальклорнага багацця ва ўсёй яго разнастайнасці. Гэтым Алесь Зайка займаецца ўжо звыш 40 гадоў. Моўнае і фальклорнае багацце ім падслухоўвалася і запісвалася з жывой гаворкі родных мясцін. Вельмі вялікую ролю ў гэтай справе адыгралі яго бацькі і людзі старэйшага пакалення косаўскага рэгіёна.
У залежнасці ад вялікага і разнастайнага фактычнага матэрыялу кніга складаецца з многіх раздзелаў. Першы раздзел “Прыказкі і прымаўкі” ўключае 1170 народных прыказак і прымавак. Да абсалютнай большасці прыказак і прымавак даюцца тлумачэнні аўтара або каментарыі інфармантаў. Напрыклад: абедаў, а жывот не ведаў — гэтак кажа той, хто ўстаў галодны з-за стала; абы шыя, а хамут знойдзецца — так жартоўна суцяшаюць кавалера, які думае, што не знойдзе сабе пары; агуркамі вячэру не адбудзеш — пасля цяжкай працы патрэбна сытная яда; адзін Бог без граху — кажуць, калі спрабуюць апраўдаць, патлумачыць свае ці чужыя ўчынкі, паводзіны, на думку іншых людзей, не зусім прыстойныя; добрае далёка чутно, а ліхое — яшчэ далей — даўней так вучылі маладых шанаваць сваё імя: добрая слава ляціць далёка, а благая — яшчэ далей; папала сляпой курыцы зерне — так часцей за ўсё чалавек смяецца з самога сябе, калі ўдасца знайсці ці прыдбаць нешта нязначнае.
Другі раздзел “Прыкметы з народнага календара, назіранні” змяшчае 60 народных выразаў. Назавём тут некаторыя з іх: гром на крыгу — халодная вясна; гусі ляцяць нізка — зіма блізка; калі ўперад вольха рапусціцца, то будзе мокры год, а як бяроза, то сухі; як на рожках маладзіка можна павесіць вядро — будзе дождж, нельга — дні будуць пагодлівыя.
У трэці раздзел “Жарты, каламбуры, прыгаворкі” ўваходзяць 194 народныя выразы. Некаторыя прыклады: або грай, або грошы аддай — так кажуць ляніваму музыку; габлюй, сынку, я сякераю папраўлю — так кажуць пра няўмелага работніка; гаспадар за чарку, гаспадыня за скварку — так кажуць, калі ў хату прыйшоў нечаканы госць; задарма і тата маму не пацалуе — так адказваюць, калі хто просіць дапамагчы ў якой-небудзь справе без аплаты.
Чацвёрты раздзел кнігі “Вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая” змяшчае 51 народны выраз. Вось некалькі з іх: дару букет бярозы, каб муж дахаты прыходзіў цвярозы; дару вам рубель, каб купілі карабель, днём каталіся, а ноччу цалаваліся; дару жменю медзі, каб дзеці былі як мядзведзі; дару шыла, каб усю ноч варушыла.
Невялікі пяты раздзел “Языкаломкі” прадстаўляюць 15 языкаломак. Прыклады: ад бацвіння — пасі свіння, ад гароху — паспі троху, ад капусты — жывот тлусты; макацёр, макацёр, поўны рукі верацён, як ідзе, то прадзе, як сядзіць, то гудзіць; павук вусаты наеўся салаты, салата спушыла, павука задушыла.
Цікавасць таксама выклікаюць жартоўныя праклёны (а каб цябе качкі стапталі; а няхай цябе камар убрыкне; каб табе жонка сем дачок нарадзіла; каб яму на тым свеце лёгка ікнулася), адкляцці (брашы на асінавы кол; кляні ды сабе бяры; соль табе ў вочы; хай твае словы (праклёны) на сухі лес ідуць), дражнілкі-кепікі (Гаўрыла заліў рыла; Даніла паехаў па мыла; Тодар да работы лодар; Цімох паехаў па мох, моху не надраў, пяты абадраў).
На вялікі жаль, абмежаванасць аб’ёму газетнай рэцэнзіі не дазваляе паказаць усё моўнае і фальклорнае багацце, пададзенае ў цудоўным даведніку Алеся Зайкі. Рэцэнзент настойліва просіць усіх, хто цікавіцца беларускай народнай мовай і яе фальклорам, пазнаёміцца з новай кнігай няўрымслівага даследчыка народнай мовы Алеся Зайкі.

Мікалай КРЫЎКО.