З вядомым паэтам для дзяцей, сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі, старшынёй праўлення Міжнароднага творчага аб’яднання дзіцячых аўтараў Андрэем Смятаніным мне давялося пазнаёміцца ў мінулую нядзелю на адкрыцці рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай!” у сталічным Цэнтральным парку культуры і адпачынку імя Максіма Горкага. Гэта, трэба сказаць, была дастаткова сюррэалістычная карцінка: церусіць імжа, мокне і неяк панура сядзіць, закінуўшы нага на нагу, бронзавы Аляксей Максімавіч, а побач у набрынялы ад дажджу мікрафон чытае свае дзіцячыя вершы жывы Андрэй Смятанін для некалькіх дзясяткаў змакрэлых дзяцей і іх бацькоў… А потым пачаўся сапраўдны лівень (кажуць, у той дзень выпала месячная норма ападкаў) і змыў гэтую мілую карцінку. Я падышоў да Андрэя з прапановай зрабіць з ім інтэрв’ю. “Вы хацелі б пагаварыць аб праблемах дзіцячага чытання?” — адзінае, пра што запытаў ён. “У тым ліку і аб гэтым”, — адказаў я. І ўжо назаўтра мы з ім пагутарылі.
— Андрэй, дзеля знаёмства нашых чытачоў з вамі напачатку раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе…
— Я нарадзіўся ў Крыме, там жа скончыў школу, паехаў вучыцца ў Санкт-Пецярбург, тады яшчэ Ленінград, у фінансава-эканамічны інстытут (цяпер гэта ўніверсітэт эканомікі і фінансаў). Пасля заканчэння інстытута дастаткова доўга жыў і працаваў у Піцеры, а потым мяне занесла ў Беларусь, куды я прыехаў працаваць у якасці дырэктара філіяла адной буйной расійскай кампаніі. Тут пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Спачатку нейкі час я жыў як бы на дзве краіны: то ў Беларусі, то ў Расіі, то ў Пецярбургу. Папраўдзе, мы разглядалі варыянт пераезду з сям’ёй у Пецярбург, але піцерскі клімат зусім не падыходзіў маім родным, і ўрэшце разам з сям’ёй я канчаткова асеў у Беларусі. Хаця… не клімат — галоўнае. Мне, сапраўды, тут вельмі спадабалася. І калі б цяпер мяне паставілі перад выбарам, дзе жыць — у Мінску ці ў Піцеры, я выбраў бы Мінск. У Пецярбург добра прыехаць на нейкі час, пагуляць там па цэнтры, як кажуць, насыціцца піцерскім духам… Але пастаянна жыць, мне здаецца, больш камфортна ў Мінску.
— Ваш першы літаратурны вопыт адбыўся ў Расіі ці ў Беларусі?
— У Беларусі, прычым дастаткова нядаўна — у 2009 годзе. Насамрэч усё атрымалася зусім выпадкова. Гэта быў перыяд пэўнага крызісу ў маім жыцці. Я адчуваў, што больш не змагу жыць у такім шалёным рэжыме (калі ты пераважна працуеш там, а сям’я твая жыве тут), што не змагу больш разрывацца паміж сям’ёй і працай… Карацей, мне давялося разарваць пэўныя сувязі па бізнесе, адпаведна з’явілася больш часу займацца з сынам — тады Рому было 4 гады. Я многа яму чытаў, і вось аднойчы нам трапілася кніга Рыгора Остэра “Шкодныя парады”. Яна і мне вельмі спадабалася, і сыну, хаця, трэба заўважыць, гэтая кніга не адназначная. І калі мы закончылі яе разам чытаць, мой сын запатрабаваў працягу, і гэты працяг… пачаў прыдумляць я сам. Гэта быў пачатак, такі першы званочак. А потым мне трапіла ў рукі яшчэ адна кніга… Наогул, я заўсёды кажу: на тое, што я стаў пісаць для дзяцей, паўплывалі дзве кнігі — адна добрая і адна дрэнная. Дык вось добрай была кніжка Рыгора Остэра, а дрэннай — вялікая, на 500 старонак, кніга правіл паводзін для хлопчыкаў і дзяўчынак у вершаванай форме. Там раскрываліся самыя розныя тэмы: як праходзіць металадэтэктар у аэрапорце, як атрымаць медыцынскую картку ў паліклініцы і г.д. Прычым усё на такім нізкім літаратурным узроўні, ну, проста ніжэй плінтуса! І тады я зрабіў для сябе выснову: калі наогул такія кнігі з’яўляюцца, значыць, напэўна, у нашай дзіцячай літаратуры адбываецца нешта не тое, і з дзіцячымі аўтарамі поўны дэфіцыт. Ну, і тады я ўсур’ёз пачаў займацца літаратурай для дзяцей.
— І адразу, наколькі разумею, прыйшоў поспех?
— Ну, не зусім адразу. Спачатку мяне пачалі друкаваць у беларускіх часопісах, а потым добрым творчым штуршком для мяне стала тое, што мае вершы надрукаваў маскоўскі часопіс “Весёлые картинки” — адзін з любімых часопісаў майго дзяцінства, часопіс, у якім побач з творамі аўтараў-пачаткоўцаў друкуюцца колішнія і сучасныя класікі. Безумоўна, гэта мяне вельмі ўзбадзёрыла. Я пачаў пасылаць свае вершы на розныя літаратурныя конкурсы, і тады, сапраўды, прыйшлі першыя перамогі, прызнанне на сур’ёзным, у тым ліку на міжнародным узроўні. Усё гэта, канечне, таксама вельмі акрыляла, давала дадатковыя імпульсы. Цяпер я думаю, што калі б не тыя першыя хуткія поспехі, магчыма, я і не стаў бы працягваць займацца літаратурай.
— У той час, калі вы пачыналі як паэт, побач з вамі быў нехта, хто вам мог даць добрую прафесійную параду, паказаць на хібы і перавагі вашых першых літаратурных спроб? І ці адчувалі вы самі патрэбу ў такой падтрымцы?
— Канечне, адчуваў. Гэта на самай справе сёння вялікая праблема аўтараў-пачаткоўцаў — тое, што ім практычна няма каму дапамагчы, накіраваць, як кажуць, на правільны шлях. Інстытут жа рэдактараў, які плённа працаваў у савецкія гады, незваротна страчаны… Але мне ў гэтым плане пашанцавала: тры гады запар я ўдзельнічаў у фестывалі аўтараў-пачаткоўцаў “Маладыя пісьменнікі вакол ДЕТГИЗА”. Гэта было цудоўнае мерапрыемства, калі з усяго СНД адбіраліся невялікія групы маладых перспектыўных аўтараў па 8—10 чалавек для літаратурнай вучобы ў Санкт-Пецярбургу. Для нас праводзілі майстар-класы жывыя класікі, напрыклад, Андрэй Усачоў, Міхаіл Ясноў. Яны дэталёва разбіралі нашы работы, прычым вельмі жорстка, іншым разам даводзячы аўтара амаль да слёз. Тая школа мне дазволіла зразумець, як трэба пісаць і як пісаць нельга. Акрамя таго, мне вельмі дапамог з парадамі Ігар Шаўчук, з якім я пазнаёміўся праз інтэрнэт. Гэта чалавек, які прыдумаў “смяшарыкаў”, — проста геніяльны выдумшчык.
— А як вы зразумелі, што вашы творы патрэбны не толькі вашаму роднаму дзіцяці, але і масавай аўдыторыі?
— Па водгуках. Я ж бачу гэтыя водгукі на сваю творчасць на інтэрнэт-форумах, у блогах, на жывых сустрэчах з маімі чытачамі, у прафесійных рэцэнзіях. Напрыклад, у мяне ёсць цыкл вершаў пра дзіцячы садок, дык у расійскім часопісе “Дошкольное образование” быў змешчаны матэрыял, у якім гэты цыкл назвалі міні-энцыклапедыяй дзетсадаўскага жыцця. І я сам чытаў водгукі бацькоў, якія раілі адно аднаму пачытаць сваім маленькім дзецям гэтыя вершы, каб зняць у іх страх перад дзіцячым садком. Або, напрыклад, адна мама піша пра тое, што яе дзіця, калі яна яму прачытала мой верш “Кавардак”, пачало само прыбіраць у сваім пакоі. Ці, скажам, у мяне ёсць зборнік “Азбука опасностей” — пра самыя розныя небяспекі ад “А” да “Я”, з якімі могуць сутыкнуцца дзеці. Мой малодшы сын, калі яму было два з паловай гады, гэтую кніжку з рук не выпускаў напэўна паўгода. Я думаў, што такі эфект чыста з-за таго, што гэта я напісаў. А потым прачытаў водгукі бацькоў, якія прызнаваліся, што даўно шукалі такую кніжку, каб у лёгкай даступнай форме правесці са сваімі дзецьмі адмысловую інструкцыю, расказаць ім пра тое, што нельга з зямлі цягнуць у рот цукерку, пальцамі лезці ў разетку і г.д. Іншым разам нават сам не чакаеш, што твая кніга можа некаму дапамагчы. Хаця, канечне, гэта вельмі прыемна.
— А колькі цяпер вашым дзецям?
— Старэйшаму — 9, малодшаму — 4.
— Сёння вы па-ранейшаму вельмі актыўна пішаце?
— Літаратурная творчасць застаецца для мяне важнай, мне падабаецца гэтым займацца, я адчуваю, што гэта ўдзячная справа. Але апошнім часам я вельмі мала, фактычна нічога не пісаў, бо ні настрою, ні часу на гэта не было. Нядаўна ў мяне памерла жонка, якая перад гэтым доўга і цяжка хварэла.
— Даруйце, зусім не чакаў пачуць такое. Спачуваю… Значыць, вы зараз адзін выхоўваеце двух сыноў?
— Так… Але не будзем пра гэта. Мне хацелася б тут распавесці пра адну вельмі важную справу, якая мяне цяпер займае. Маю на ўвазе міжнародную праграму па падтрымцы дзіцячага і сямейнага чытання “Чытаючыя дзеці — квітнеючая краіна!”, аўтарам і кіраўніком якой я з’яўляюся. Тым больш, мне здаецца, гэтыя рэчы асабліва важна пачуць чытачам “Настаўніцкай газеты” — настаўнікам, выхавальнікам, выкладчыкам.
— Калі ласка.
— Пачну з таго, што далёка не ўсе ведаюць і разумеюць, наколькі сур’ёзна чытанне ўплывае на развіццё дзіцяці і што без далучэння дзіцяці да чытання нічога добрага з яго не выйдзе. Вучоныя, якія займаюцца даследаваннем галаўнога мозга чалавека, высветлілі, што чытанне актывізуе максімальную колькасць яго зон. Ніводны іншы від дзейнасці ў гэтым не можа параўнацца з чытаннем. Можна прыдумляць якія заўгодна праграмы, але калі будзе ўпушчаны гэты, здавалася б, самы элементарны момант — чытанне, усе гэтыя праграмы будуць зведзены на нішто, проста сыдуць у пясок. Бо чытанне — гэта аснова развіцця чалавека. І інтэлектуальнага, і духоўнага, і эмацыянальнага. Гэта фундамент любой адукацыі.
А далей больш. Чытанне — гэта пытанне не толькі сённяшняга дня і сённяшняга грамадства, а, калі хочаце, нацыянальнай бяспекі ў будучым. Гэта гарантыя таго, што ў краіне будуць нараджацца новыя таленавітыя палітыкі, вучоныя, бізнесмены, дзеячы культуры, якія заўтра будуць рухаць краіну наперад. Без чытання гэты рух будзе проста немагчымы. Невыпадкова наша праграма называецца “Чытаючыя дзеці — квітнеючая краіна!”. Многія бацькі ад няведання лічаць раўназначнымі для развіцця чалавека камп’ютар, тэлевізар і кнігу. Але гэта не так! Чытанне — гэта абсалютна ўнікальны від дзейнасці, гэта памяць, логіка, здольнасць да аналізу. А тэлевізар — гэта кліпавая свядомасць. Успышка тут, успышка там — і ніякай сувязі. І мне, напрыклад, не хацелася б, каб праз гадоў гэтак 30 краінай кіравалі людзі, якія выхоўваліся на чарапашках ніндзя або на іншых мульцяшных героях. Ты нават сам можаш быць вялікім інтэлектуалам і твае дзеці могуць быць добра выхаваны, але ўсё роўна і ты, і твае дзеці будуць залежаць ад боўдзіл і ёлупняў ва ўладзе, выхаваных на чарапашках ніндзя, а не на чытанні кніг. Таму, паўтаруся, гэта праблема нацыянальнай бяспекі ў будучым.
Нарэшце, чытанне — гэта гарантыя захавання сям’і, у якой сёння вельмі мала засталося кропак судакранання паміж бацькамі і дзецьмі. Столькі ўсяго ёсць цікавага! Серыялы ўсё новыя і новыя круцяць па тэле, на рабоце карпаратывы спакушаюць, піва вельмі смачнае ўсюды прадаецца — ну, не да дзяцей проста! А трэба ўсё ж знаходзіць час на дзяцей. І лепей за ўсё — перад сном. Як працэдуру, як руціну завесці — 20 мінут ці паўгадзіны чытаць яму ўслых. І так да 12 гадоў, як раяць вучоныя. І хай не шкадуюць бацькі свайго часу на дзяцей! Ім потым па-добраму жыццё адплоціць. І на рэпетытараў не трэба будзе грошы траціць, і на платнае не трэба будзе паступаць. І вакол усе будуць здзіўляцца: як гэта вашаму дзіцяці ўсё так лёгка даецца? Яны будуць думаць, што ўсё само сабой даецца. Нічога падобнага! Не само сабой, а таму што фундамент у дашкольным і ў малодшым школьным узросце быў закладзены. І называецца гэты фундамент чытаннем.
— Я так разумею, што зараз вы мне выклалі ідэйныя асновы вашай праграмы “Чытаючыя дзеці — квітнеючая краіна!”. Якім чынам вы даносіце гэтыя ідэі да грамадства? Вам хапае чалавечых, матэрыяльных рэсурсаў? Колькі вас і хто вы?
— Мы — гэта больш за сто рускамоўных пісьменнікаў з васьмі краін, сябры Міжнароднага творчага аб’яднання дзіцячых аўтараў. Гнацца за колькасцю — не ў нашых мэтах. Ідэя ў іншым — каб пісьменнік, які, як правіла, раней за іншых адчувае нейкія негатыўныя тэндэнцыі ў грамадстве, быў свайго кшталту місіянерам у сваім рэгіёне — дзе толькі можна агучваў важнасць праблемы, сустракаўся з грамадскасцю, даводзіў сваю думку ў СМІ, стукаўся ва ўладныя кабінеты і г.д. І, ведаеце, нават на энтузіязме можна многае зрабіць, і многае ўжо робіцца. Усе ж бацькі жадаюць сваім дзецям толькі дабра. Мамы і таты ведаюць, што, якімі б занятымі ці стомленымі ні былі, але малое дзіця трэба пакарміць чатыры разы на дзень. І нават з апошніх сіл, але і катлетку яму разагрэюць, і макароны звараць. Гэта ўжо на ўзроўні інстынктаў — мацярынскіх, бацькоўскіх. Але ж тыя самыя інстынкты пачынаюць уключацца ў адэкватных бацькоў, калі ім расказваеш пра непазбежную гуманітарную катастрофу, якая здарыцца, калі мы ўпусцім з сістэмы выхавання нашых дзяцей такі момант, як чытанне. Гаворыш ім пра ўсё гэта, і яны пачынаюць разумець праблему, элементарна пачынаюць звяртаць на яе ўвагу.
— Якую ролю ў гэтых намаганнях вы адводзіце школе?
— Настаўнікі, педагагічная грамадскасць для нас не менш важная аўдыторыя, чым бацькі. І, насамрэч, школа можа вельмі многае. Калі дырэктар і педагагічны калектыў сапраўды захочуць паставіць кнігу на п’едэстал і тым самым, дарэчы, палепшыць усе школьныя паказчыкі, яны здолеюць гэта зрабіць. І тут ёсць вялікае мноства сродкаў і шляхоў для дасягнення мэты. Скажам, самае элементарнае. Інфармацыйныя гадзіны, якія часта праходзяць фармальна і не прыносяць ніякай карысці. А зазірніце замест гэтага ў літаратурны каляндар, успомніце, што вось у такога паэта сёння юбілей і проста пачытайце ўслых яго творы. Чаму не? Або, напрыклад, не сакрэт, што ёсць вялікія праблемы з камплектаваннем школьных бібліятэк сучаснай літаратурай — не той “абавязковай”, якая пыліцца на паліцах нікому не патрэбная, а добрай мастацкай сучаснай літаратурай. Правядзіце акцыю: няхай кожны з класа прынясе ў школу і падорыць ёй добрую кніжку. Зрабіце гэта нават на нейкае свята — каб не з ахапкамі кветак дзеці прыйшлі ў школу, а кожны — з добрай кніжкай! Гэта ж будзе 30 новых добрых дзіцячых кніжак, якія прачытае ўвесь клас ужо нават чыста з цікавасці! І ніякіх тут табе звышзатрат бюджэтных. Гэта проста пытанне арганізацыі і разумення важнасці справы.
— Андрэй, а якая яна ўсё-такі — добрая дзіцячая кніжка, на ваш погляд? Тая, якая выхоўвае, тая, якая забаўляе, або тая, якая паведамляе?
— Кніга для дзяцей у першую чаргу павінна быць цікавай. Інакш кажучы, чытанне павінна быць для дзіцяці не работай і тым больш не абузай, а задавальненнем, жаданай цікавай справай. Усе астатнія моманты — пазнавальныя, выхаваўчыя — як бонус. Вельмі добра, калі яны ёсць. Але калі кніга будзе нецікавай дзіцяці, нічога не будзе працаваць. Псіхолагі раяць: няхай кніга будзе нават не надта карыснай з нейкага педагагічнага пункту погляду, але важна, каб дзіця палюбіла гэты занятак — чытанне. Падабаецца яму чытаць пра піратаў — хай чытае пра піратаў, абы палюбіла чытаць. Звярніце ўвагу, што нават многія дарослыя прыходзяць да Талстога і Дастаеўскага, насыціўшыся Данцовай і Марынінай.
— Значыць, хай дзеці чытаюць і пра чарапашак ніндзя ці ведзьмачак Вінкс, абы толькі чыталі хоць нешта?
— Калі ўжо будзе выбар, чытаць пра чарапашак і ведзьмачак або глядзець мультфільмы пра іх, дык лепш ужо чытаць. Меншае зло.
— Для вас як для дзіцячага пісьменніка існуюць табу?
— Найперш я наклаў бы табу на графаманію ў дзіцячай літаратуры, на бязглуздзіцу і безгустоўшчыну, на такія рыфмы, як “зіма — вясна”, “жыла — была” і г.д. Дарэчы, пры ўсёй, магчыма, сваёй заідэалагізаванасці самая лепшая савецкая літаратура для дзяцей мела вельмі высокі мастацкі ўзровень, чаго зусім нельга сказаць пра пагонныя метры бяздаршчыны, якая нават ніяк не рэдагуецца і выдаецца сёння.
— А табуіраваныя тэмы? Скажам, узаемаадносіны паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі…
— Мне цяжка сказаць. Па-першае, пакуль мне даводзілася пісаць для зусім маленькіх дзяцей — якія там узаемаадносіны паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі? Ну, але калі вы пра “гэта”… Я ўсё-такі праваслаўны чалавек, і таму лічу, што да гэтай тэмы ў гутарках з дзецьмі, у тым ліку і праз літаратуру, трэба наогул падыходзіць вельмі асцярожна і акуратна. Калі ж глабальна гаварыць, то хай будзе нават і “гэта”, але яно павінна мець на ўвазе ўсё-такі разнаполыя ўзаемаадносіны. А вось якраз табу для нас хай і будуць тыя “вясёлкавыя” павевы, вельмі папулярныя сёння ў Еўропе. Я прыхільнік традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей ва ўсім.
— Дзіцячая класіка можа састарэць, перастаць быць актуальнай?
— Гэтае пытанне можна разгарнуць інакш: ці патрэбны наогул новыя аўтары, калі старымі столькі напісана, што ні прачытаць, ні перачытаць? Я адкажу адназначна: новыя аўтары патрэбны абавязкова хоць бы для таго, каб дзіця атрымлівала з кніг уяўленне пра тое, што сёння яго акружае ў свеце. Бо, як бы мы ні любілі, напрыклад, таго ж Чукоўскага ці Барто, нічога пра мабільныя тэлефоны і інтэрнэт мы там не знойдзем. З другога боку, правераная дзесяцігоддзямі класіка ніколі не састарэе, таму што ёсць такое паняцце, як “культурны код”. І закладваецца ён у чалавеку з самых малых гадоў, у тым ліку той выдатнай дзіцячай літаратурай, на якой выхоўваліся ў свой час яго бацькі і дзяды. Можа састарэць нешта наноснае, звязанае з тым ці іншым часам, напрыклад, прапагандысцка-піянерскія вершыкі таго ж Міхалкова ці Барто. Але, скажам, “Наша Таня громко плачет” або “Идёт бычок, качается…” — гэта будзе заўсёды актуальным. Хоць, паўтаруся, новыя аўтары з новымі мастацкімі канцэпцыямі павінны з’яўляцца. Мяне здзіўляюць сёння некаторыя нашы дзіцячыя паэты і празаікі, якія пішуць для дзяцей пра начлег з коньмі ў полі ці пра канькі, прывязаныя да валёнкаў. І потым яшчэ крыўдуюць, што іх не друкуюць. Божа мой, якія коні, якія валёнкі! Заўтра ўжо, можа быць, ролікі і скейтборды выйдуць з моды, а прыйдзе нешта новае, іншае… Ніхто яшчэ не адмяняў такой мастацкай каштоўнасці, як навізна. Я, напрыклад, заўсёды толькі і стараўся знаходзіць нешта новае, што можа быць цікавым маленькаму чытачу.
— Некаторыя нашы літаратуразнаўцы і нават самі пісьменнікі звязваюць праблемы дзіцячага чытання з адсутнасцю ў нашай сучаснай літаратуры для дзяцей і падлеткаў адэкватнага ім сучаснага літаратурнага героя. Маўляў, той жа Міколка-паравоз незваротна састарэў, а новага героя няма. А вось прыдумалі б беларускія пісьменнікі свайго Гары Потэра — і ўсе дзеці адразу б рынуліся ў кнігарні і бібліятэкі за беларускай дзіцячай кнігай… Што вы думаеце наконт гэтага?
— Я думаю, што гэта вельмі спрошчаны, прымітыўны падыход. Па-першае, нікуды герой не дзеўся. Хай кожнае новае пакаленне чытае і Лынькова, і Чукоўскага, і Верна, і Дэфо, і Купера — і па-свойму адкрывае класічных герояў. Я ўжо казаў пра культурны код. А па-другое, ну не можа быць нейкі адзін герой. Іх безліч, і ў гэтым адзін з цудаў літаратуры. Напрыклад, сёння цудоўна пішуць для падлеткаў беларускія аўтары Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак, прычым менавіта пра сучасную школу, узаемаадносіны паміж сучаснымі школьнікамі. Або мінчанка Марыя Бяршадская, якая стварыла цэлы цыкл гісторый пра “маленькую вялікую дзяўчынку”. Чым не гераіня? Гэтыя гісторыі карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў дзяцей. Але па вялікім рахунку важна не тое, каб быў герой, а каб пісьменнікі пісалі цікавыя кнігі. І каб бацькі прывучвалі сваіх дзяцей да чытання, пабольш услых ім чыталі. Каб маладая мама ўключала прас, а з праса кожны раз чулася: “А ты чытала сёння свайму дзіцяці?”
— Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам і ў літаратурнай творчасці, і ў справе папулярызацыі дзіцячага чытання!
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.