У серыі “Школьная бібліятэка” выдавецтва “Мастацкая літаратура” выйшла кніга “Недаспяваныя песні” (зборнік твораў паэтаў Беларусі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны).
Ёсць кнігі, якія немагчыма чытаць без болю і хвалявання. Гэта рознага кшталту кнігі, але тая, якая нядаўна пабачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, сёлета, у юбілейны для Вялікай Перамогі год, кранае асабліва: вось мы жывём, працуем, кахаем, вось мы святкуем нашы слаўныя святы накшталт 9 Мая, а яны недакахалі, недаспявалі, недажылі… Хаця зрабілі ўсё, што змаглі, каб жылі мы.
Такія кнігі — творчасці беларускіх паэтаў і празаікаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — ужо выходзілі ў Беларусі. Можна прыгадаць зборнікі “Ніколі не забудзем” (1949) і “Крывёю сэрца” (1967), грунтоўны трохтомнік “Скрыжалі памяці” (2005). Але сёлетняя кніга “Недаспяваныя песні”, якая выйшла менавіта ў серыі “Школьная бібліятэка”, зноў жа асаблівая нават сярод пералічаных, бо адрасавана найперш школьнікам, студэнтам, настаўнікам — словам, юным і маладым людзям, а таксама тым, якія іх вучаць. І вось думаеш-гадаеш зараз, калі пішаш гэтыя нататкі: з чаго пачне свой аповед настаўнік на ўроку, прысвечаным гэтай тэме? Што ў першую чаргу ўразіць старшакласніка, калі ён самастойна будзе знаёміцца з гэтай тэмай, чытаючы кніжку “Недаспяваныя песні”?
А ўразіцца ён, напэўна, найперш маладосцю аўтараў недаспяваных песень. Слушна і скрушна пра гэта пісаў некалі вядомы літаратуразнаўца Варлен Бечык: “Леаніду Гаўрылаву, Аркадзю Гейнэ, Аляксею Коршаку было па 23 гады, Уладзіміру Рагуцкаму — 24, Міколу Сямашку і Міколу Сурначову — па 27, Рыгору Жалезняку — 28, Андрэю Ушакову — 29… Алесю Жаўруку, Змітраку Астапенку, Рыгору Суніцы толькі перасягнула за трыццаць. Назаўсёды засталіся яны ў гэтым узросце, і вершы, якія былі, па сутнасці, яшчэ толькі пачаткам, абяцаннем, сталі іх пасмяротнай спадчынай. Няма цаны гэтай спадчыне, бо подпісы пад ёю ў канцы зроблены крывёю сэрца”.
У якасці прыкладаў згадаем некалькі канкрэтных біяграфій загінуўшых на вайне паэтаў. Дарэчы, да вартасцей кнігі “Недаспяваныя песні”, безумоўна, трэба аднесці тое, што кожная паэтычная падборка ў ёй пачынаецца з дастаткова падрабязнай біяграфіі аўтара і апісання яго творчасці.
Аляксей Коршак. Нарадзіўся 22 лютага 1920 года ў вёсцы Вуглы Капыльскага раёна, на Міншчыне. У 1938 годзе скончыў Капыльскую сярэднюю школу, паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Пачаў актыўна друкавацца ў перыядычным друку, напярэдадні вайны паспеў падрыхтаваць кніжку вершаў “Пялёсткі”, рукапіс якой захавалі бацькі паэта. Вайну сустрэў у Мінску, вярнуўся да бацькоў на Капыльшчыну, працаваў настаўнікам Вуглоўскай пачатковай школы. Пасля вызвалення родных мясцін быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, ваяваў на фронце. Загінуў каля паселішча Ласлендорф ва Усходняй Прусіі 27 лютага 1945 года — за 70 дзён да Перамогі…
Мікола Сурначоў. Нарадзіўся восенню (паводле іншых звестак, у снежні) 1917 года ў вёсцы Слабада Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў сямігодку, вучыўся ў Гомельскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Атрымаўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю, працаваў аграномам на Рагачоўшчыне. Потым перайшоў працаваць журналістам у раённую газету “Камунар”. З 1937 па 1939 год вучыўся на літаратурным факультэце Гомельскага педінстытута. У 1939 годзе перавёўся ў Мінскі педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. Адначасова з вучобай спачатку працаваў у газеце “Звязда”, а потым — у “Чырвонай змене”. На той час у Міколы былі ўжо публікацыі ў друку, перад хлопцам адкрываліся прыгожыя, шчаслівыя перспектывы. Але настала 22 чэрвеня 1941 года, і яго з першых дзён вайны забралі на фронт. Ваяваў на Заходнім, Бранскім, Данскім, Паўднёва-Заходнім, 1-м Беларускім, Паўднёвым, 4-м Украінскім фронце. Удзельнічаў у абароне Каўказа, у баях пад Сталінградам, вызваляў родную Беларусь, а таксама Украіну, Румынію, Польшчу. Некалькі разоў быў цяжка паранены. Старшы лейтэнант камандзір узвода Мікола Сурначоў загінуў у рукапашным баі на подступах да Берліна ў ноч з 19 на 20 красавіка 1945 года — за 20 дзён да Перамогі…
Сяргей Крывец. Нарадзіўся ў 1909 годзе ў вёсцы Сухінічы Гродзенскага павета (цяпер Мастоўскі раён Гродзенскай вобласці). Быў пастухом, а з 1929 года працаваў цесляром. Наогул, быў вельмі неардынарным чалавекам, гэтакім самародкам: займаўся самаадукацыяй, самастойна авалодаў польскай і нямецкай мовамі і пісаў на іх; вершы друкаваў пад дзівакаватымі псеўданімамі — Сымон Табала, Сярожа Пастушок. У 1930—1933 гадах жыў у Гродне, а з 1933 па 1944 год — у Беластоку. Удзельнічаў у нацыянальна-вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі, сядзеў у астрозе. Вучыўся ў Беластоцкім педагагічным інстытуце (1940—1941). Пасля вызвалення Беластока ад гітлераўцаў (1944) быў прызваны ў Чырвоную Армію, удзельнічаў у баях. Пасля цяжкага ранення пры штурме Гдыні (Польшча) памёр 28 красавіка 1945 года — усяго за 11 дзён да Перамогі…
А гінулі аўтары недаспяваных песень не толькі на фронце, як гэтыя і многія героі, але і ў гестапаўскіх засценках, як паэт Алесь Дубровіч і пісьменніца і журналістка Вера Харужая, і ў блакадным Ленінградзе, як удзельнік абароны горада на Няве паэт Янка Бобрык, і ў Мінскім гета, як яўрэйская пісьменніца і паэтэса Беларусі Сара Каган, і ў канцлагеры “Асвенцім”, як літаратурны крытык Рамуальд Зямкевіч, і ў ахопленай полымем Варшаве, як паэт Гальяш Леўчык…
А цяпер — уласна пра іх недаспяваныя песні, пра паэзію, якую яны пакінулі пасля сябе.
Да ўвагі настаўнікаў беларускай літаратуры!
У выдавецтве “Мастацкая літаратура” яшчэ можна зрабіць заказы на наступныя кнігі серыі “Школьная бібліятэка”:
Змітрок Бядуля “Шчасце не ў золаце” (кнігу склалі абразкі, мініяцюры, апавяданні розных гадоў і найбольш вядомая яго аповесць “Салавей”);
Алена Васілевіч “Горкі ліпавы мёд” (апавяданні вядомай пісьменніцы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, якія ўвайшлі ў гэты зборнік, напісаны ў розныя гады, але не губляюць сваёй прыцягальнасці і значнасці і будуць цікавыя сучаснай моладзі);
Ян Баршчэўскі “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” (гэты галоўны твор аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, дзе ўпершыню шырока выкарыстоўваюцца беларускія казкі і паданні, часта параўноўваюць з сусветна вядомым эпасам “Тысяча і адна ноч”);
Янка Купала “З кутка жаданняў” (у гэтую кнігу народнага песняра ўвайшлі вершы розных гадоў, паэмы, п’есы “Раскіданае гняздо” і “Тутэйшыя”);
Кандрат Крапіва “Брама неўміручасці” (адна з самых вядомых п’ес славутага сатырыка);
Ад сентыменталізму да рэалізму (у кнігу ўвайшлі наступныя класічныя творы: “Тарас на Парнасе” К.Вераніцына, “Пінская шляхта”, “Ідылія”, “Гапон” В.Дуніна-Марцінкевіча, “Кепска будзе”, “Мая дудка” і інш. Ф.Багушэвіча).
Магчыма, які-небудзь старшакласнік, пачуўшы на ўроку ўсё сказанае вышэй, падумае па сваёй юначай недасведчанасці, якая бывае іншым разам цынічнай: ну што ж, безумоўна, вельмі шкада ўсіх гэтых маладых людзей, і мы ганарымся імі, бо яны аддалі свае жыцці за Радзіму, а некаторыя станавіліся проста ахвярамі той жудаснай вайны. Але ж людзі тады гінулі тысячамі, мільёнамі… Проста не ўсе яны пісалі вершы, а гэтыя крэмзалі нешта там для сябе — і толькі таму трапілі ў зборнік. Але назавіце мне сярод іх сапраўднага Паэта з вялікай літары.
І тады настаўніца на ўроку літаратуры прачытае дзецям, магчыма, у першую чаргу верш Міколы Сурначова “У стоптаным жыце”, напісаны ім у 1941 годзе, калі той ваяваў на Заходнім фронце.
Ніколі не ехаць
Хлапцу маладому
Да роднага гаю,
Да блізкага дому.
Над ім асыпаюцца
Слуцкія краскі,
Абсмалены колас
Схіліўся да каскі.
Ляжыць ён, як віцязь,
У стоптаным жыце.
Маці спаткаеце —
Ёй не кажыце…
І, прачытаўшы гэты верш, настаўніца раскажа дзецям, што ён стаў не проста класікай, а адмысловым сімвалам паэзіі ваеннага часу, што ён, як пісаў Варлен Бечык, “увабраў у сябе, здаецца, цэлыя стагоддзі, матчын смутак, людское шкадаванне… У сваіх паэтычных глыбінях ён сыходзіцца з народнай песняй — шмат бярэ ад яе і пашырае яе прасторы. Родны дом, краскі, колас, жыта, маці… Усё тут так проста згадана, а такую незвычайную мае сілу. Нездарма гэты верш пераклаў на рускую мову А.Твардоўскі. Верш “У стоптаным жыце” меў для нашай паэзіі ваеннага часу асаблівае значэнне, бо ўжо на пачатковым перыядзе вайны, калі пераважалі творы агітацыйна-публіцыстычнага кірунку, адкрываў новыя магчымасці лірычнага псіхалагізму. Вобраз ціха, у невядомасці загінуўшага воіна, малюнак здратаванага, гвалтоўна парушанага мірнага жыцця, унутраны гістарызм, падтэкставы велічны вобраз Радзімы — усё гэта было вельмі істотным для паглыблення нашай паэзіі ў новыя душэўныя, псіхалагічныя глыбіні чалавека на вайне”.
А потым настаўніца, магчыма, прачытае вучням верш “Паранены” Аляксея Коршака:
От і ўсё.
За светлы край азёрны,
За вясну ў палёх,
Неба сіняе у кроплях зорных
Я навек тут лёг.
Нада мной шуміць ракіта кволая,
Пада мной трава.
Сыплецца на сэрца невясёлая
Злой тугі жарства.
Бачу неба сіняе і блізкае
У астатні раз.
Меншыцца яно, маланкай бліскае,
Пачарнела ўраз.
Дзесьці плача кнігаўка…
Ці маці…
Мама, бліжай сядзь.
Хочу глянуць, хоць крыху абняці —
Галавы не ўзняць.
Што ж ты не прытулішся, матуля?
На мяне хоць глянь,
Гіне сын героем твой ад кулі,
Каб квітнела рань.
Што з табою? Плачаш? З воч блакіту
Цэлы лівень слёз.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .. . . . . . . . . . . .
Я расплюшчыў вочы. Спіць ракіта,
Дождж шуміць між лоз.
Плача кнігаўка ўгары, як маці
Па дачцэ ў труне.
Птушанька мая ты, кінь рыдаці,
Не шкадуй мяне.
Я б закрыў навек спакойна вочы,
Каб мой любы край
Больш не ведаў злой пакутнай ночы,
Красаваў, як май.
Каб хадзіў навокал спеў мінорны,
Што я ў бітве лёг
За прыгожы родны край азёрны,
За вясну ў палёх.
А потым… А потым ужо не настаўніца будзе старацца ў нечым пераканаць дзяцей, а прыціхлыя і ўражаныя дзеці самі папросяць яе пачытаць яшчэ і яшчэ… Самыя чулыя да паэзіі вучні (а такіх у нашых школах вучыцца ўсё-такі яшчэ шмат!) абавязкова адшукаюць кнігу “Недаспяваныя песні”. Разгорнуць яе. Прачытаюць спачатку пранікнёную прадмову яе ўкладальніка, доктара філалагічных навук, прафесара Алеся Бельскага, а потым ужо непасрэдна самі недаспяваныя песні, знаходзячы ў іх шмат паэтычных залацінак… перасыпаных крывёй і порахам.
Мікола ЧЭМЕР.