Пагутарыць з кіраўніком і дырыжорам студэнцкага хору Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Cantus Uventae Паўлам Шэпелевым мне захацелася адразу пасля выступлення гэтага калектыву на сёлетнім Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў устаноў вышэйшай адукацыі “АРТ-вакацыі”. Надта ж тады ўразіла літаральна ўсё ў тым канцэрце хору: і прачулае ўзнёслае выкананне, і багатая разнастайная праграма (ад фальклору да негрыцянскіх спірычуэлсаў), і тая няўлоўная душэўная повязь, якая, тым не менш, відавочна нітавала дырыжора са студэнтамі-харыстамі, і нават сам інтэр’ер — стыльнае ўтульнае фае перад актавай залай лінгвістычнага. Было штосьці высакародна-шляхецкае ў пабачаным мной агульным вобразе. Тады я, праўда, яшчэ не ведаў, што хор Cantus Uventae — гэта не проста студэнцкі хор, а сапраўдная творчая візітоўка МДЛУ з ужо амаль трыццацігадовай гісторыяй. Што яго кіраўнік Павел Шэпелеў — гэта не проста кіраўнік студэнцкага хору, а дастаткова вядомая асоба ў прафесійным і самадзейным музычным асяроддзі (акрамя хору Cantus Uventae, ён кіруе яшчэ хорам хлопчыкаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а да апошняга часу кіраваў заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь акадэмічным хорам Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі). Нарэшце, ніяк не мог я ведаць, што атрымаю чалавечае і чыста журналісцкае задавальненне ад гутаркі з Паўлам Шэпелевым — цікавым і нераўнадушным суразмоўцам.
— Павел Мікалаевіч, вы, мабыць, выраслі ў сям’і музыкантаў?
— А вось і не. Музыка ў маім выпадку — гэта не спадчыннае. Мама закончыла гістфак БДУ. Бацька ўсё жыццё працаваў на заводзе. І ў папярэдніх пакаленнях музыкантаў таксама не было. Праўда, дзядуля па матчынай лініі заўсёды марыў, каб хто-небудзь з яго нашчадкаў быў музыкантам ці хаця б валодаў якім-небудзь музычным інструментам. Сам ён, дарэчы, іграў на трохрадцы. Вось ён, наколькі я магу здагадвацца, у свой час і падахвоціў маю маму аддаць мяне, малога, у падрыхтоўчую групу музычнага ліцэя пры Акадэміі музыкі, былой сярэдняй спецыяльнай музычнай школы пры кансерваторыі (сёння гэта Рэспубліканская гімназія-каледж пры БДАМ. — М.Ч.).
— У ліцэі музыка і ўвайшла ўпершыню ў ваша жыццё?
— Я думаю, яна ўвайшла да ліцэя. Вось вы мне яшчэ толькі задавалі зараз гэтае пытанне, а ў мяне ўраз перад вачыма паўстала такая карцінка: прыблізна гэткія ж, як і сёння, майскія дні, нейкія святы, пабудаваныя палоннымі немцамі двухпавярховікі ў раёне Трактарнага завода (туды мы прыехалі да бацькавых бацькоў), і з кожнага адкрытага акна чуецца або песня, або гармонік. Гэта здаецца сёння неверагодным, але тады, сапраўды, усе спявалі… І гэтая карцінка мне запомнілася на ўсё жыццё. Што да ліцэя, то там была ўжо іншая музыка. Вучыўся я на харавым аддзяленні. Закончыў ліцэй з чырвоным дыпломам у 1993 годзе і аўтаматычна быў залічаны ў акадэмію. Хаця спрабаваў паступіць у санкт-пецярбургскую кансерваторыю, ездзіў туды, здаваў экзамены на харавое, але атрымаў двойку, не паступіў. Пра што я, зрэшты, ніколькі не шкадую, бо ў нашай акадэміі мне пашчасціла займацца ў класе прафесара народнага артыста СССР Віктара Уладзіміравіча Роўды, які з першых жа курсаў запрасіў мяне ў свой акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі ў якасці артыста. У хор, якім потым, праз гады, пасля смерці Віктара Уладзіміравіча, тры з паловай гады кіраваў я. З лістапада 2010 года да 30 красавіка 2014 года, калі ў мяне проста скончыўся кантракт.
— Віктара Уладзіміравіча Роўду вы і лічыце сваім галоўным настаўнікам?
— Так адназначна, мабыць, нельга сказаць. За ўсё, што ўмею, я абавязаны вельмі многім выкладчыкам і з ліцэя, і з акадэміі. І Віктару Роўду, і Мікалаю Хвісюку, і Алегу Гембіцкаму, і Ігару Мацюхову, які, дарэчы, мяне рыхтаваў да паступлення ў Піцер, прычым абсалютна бясплатна, а гэта быў 1993 год, калі людзі куплялі ўсё па талонах і збіралі ў баначкі бычкі. Усім дзякуй. Кожны з іх нешта мне ў свой час сказаў, а я запомніў. А, дарэчы, Віктар Уладзіміравіч, раз вы ўжо спыталі менавіта пра яго, мяне двойчы выганяў са свайго класа. І двойчы ж забіраў назад ад Хвісюка і Гембіцкага. І ў магістратуру таксама ўзяў да сябе.
— Вашы адносіны з Роўдам, дакладней, яго з вамі, складваліся па схеме “хто каго любіць, той таго чубіць”?
— Проста скала з каменьчыкам крыху спрачаліся. Скала хацела каменьчык “абчасаць” (папраўдзе, Роўда ўсіх “абчэсваў”), а каменьчык упарта казаў скале, што ён таксама нечага варты… Але на самай справе я ўпэўнены, што сёння Віктар Уладзіміравіч радуецца на нябёсах за свайго вучня, які прадаўжае яго традыцыі, наогул традыцыі харавога руху ў Беларусі. Акрамя хору Cantus Uventae, я кірую яшчэ хорам хлопчыкаў гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі.
— Акадэмічны хор тэлерадыёкампаніі, хор хлопчыкаў, хор Cantus Uventae… Які з іх самы ваш?
— Студэнцкі хор Cantus Uventae Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якім я кірую ўжо 9 гадоў з 2005 года. Гэта маё асноўнае месца працы, бадай, самае любімае і перспектыўнае. А два іншыя харавыя калектывы — гэта, калі можна так сказаць, увасабленне патэнцыялу.
— Памятаеце сваю першую рэпетыцыю з Cantus’ам?
— А як жа яе не памятаць, калі я прыйшоў, а мяне сустракаюць… 3 хлопчыкі і 9 дзяўчынак — вось і ўвесь хор. Я, сапраўды, прыйшоў тады фактычна на руіны. Бо папярэдні кіраўнік Cantus’а Галіна Цмыг тады змяніла месца працы і амаль увесь хор перавяла на іншую базу — ці то пры Трактарным заводзе, ці то пры Першамайскім райвыканкаме Мінска. Але самае дзіўнае, што тыя 12 хлопчыкаў і дзяўчынак, з якімі ў 2005 годзе я правёў першую рэпетыцыю, спяваюць у мяне і да гэтага часу! Наогул жа, сёння ў хоры ў мяне каля 90 чалавек.
— З аднаго боку, вы ў адказе за гэтых 90, а з другога, наколькі разумею, ад вас у сваю чаргу нешта патрабуе кіраўніцтва ўніверсітэта… З кім вам лягчэй дамаўляцца — з удзельнікамі хору ці з рэктаратам? Кажучы прасцей, чым падабаецца вам тут працаваць, што вас тут трымае?
— Па-першае, трэба сказаць, што ў лінгвістычным універсітэце адладжана выдатная сістэма па задавальненні творчых запатрабаванняў студэнтаў і прадастаўленні ім усіх магчымасцей самарэалізацыі ў мастацкай самадзейнасці, спорце. Штогод у пачатку новага навучальнага года для першакурснікаў у нас ладзіцца так званы кірмаш талентаў, калі на працягу тыдня прадстаўнікі нашага ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю і студклуба знаёмяць іх з пазавучэбнай творчай дзейнасцю ўніверсітэта, а ў фае стаяць сталы, дзе можна запісацца ў любы творчы калектыў ці спартыўную секцыю. Балазе, першакурснікам ёсць што выбіраць. Гэта, акрамя хору Cantus Uventae, тэатр танца “Рэнесанс данс”, вакальная студыя “Фольк мадэрн”, чырлідынгавая група і інш. Нашаму хору наогул грэх на што-небудзь скардзіцца, бо тут створаны ўсе ўмовы для паспяховага творчага жыцця — у нашым распараджэнні шыкоўная аўдыторыя для агульных рэпетыцый, асобны кабінет для індывідуальных заняткаў… А ўсё таму, што наш рэктар Наталля Пятроўна сама любіць хор, разумее, што ён патрэбны ўніверсітэту як візітная картка, і мы гэта вельмі адчуваем. Тыя ВНУ, у якіх не любяць харавое студэнцкае мастацтва, не бачаць патрэбу ў яго прапагандзе і культываванні, адпаведна хароў не маюць. Чым яны хваляцца? Я не ведаю. Можа быць, у іх валейбольная каманда добрая? Ну, дык гэта іх справа…
А па-другое, што мяне тут трымае? Студэнты тут разумныя. Лінгвісты наогул разумныя людзі. Прыходзіць да мяне студэнт, у нас розніца з ім ва ўзросце амаль удвая, а мне з ім цікава. Бо гэта ўдумлівы, дапытлівы, актыўны чалавек. А што ўжо тычыцца моў, дык гэта ўвогуле такія малайцы! Яны мяне давялі да таго, што цяпер я не магу размаўляць на замежных мовах, хаця раней сёе-тое ведаў. Будучы ліцэістам і студэнтам, некалькі пашпартоў замежных памяняў, старонак для віз не хапала…
— Як жа гэта? Наадварот, у такім лінгвістычным асяроддзі павінны былі загаварыць яшчэ лепш?
— Дык жа сорамна размаўляць недасканала, калі побач з табой людзі так здорава размаўляюць! І заўсёды гатовы табе дапамагчы з перакладам, з кантактаваннем з замежнымі калегамі.
— Павел Мікалаевіч, а вы жорсткі кіраўнік? Згадваючы вашы нядаўнія словы пра Роўду, вы маглі б сказаць пра сябе, што вы “абчэсваеце” сваіх харыстаў?
— У мяне зараз і ў Роўды тады, калі ён мяне вучыў, задачы абсалютна розныя. Ён хацеў зрабіць з мяне прафесійнага харавіка-дырыжора, а я тут проста захопліваю студэнтаў, заражаю іх сваёй ідэяй і імкнуся да таго, каб ім было цікава і карысна. Навошта ж мне каго-небудзь “абчэсваць”? Іншая справа, што ты як кіраўнік хору ўсё адно ставіш перад сабой нейкія задачы і нечага патрабуеш ад сваіх выхаванцаў. Напрыклад, у гімназіі-каледжы пры Акадэміі музыкі я вучу дзяцей спяваць і думаць. Думаць, як спяваць. А тут, у Cantus’е, я проста не даю студэнтам спяваць дрэнна. Так вучыў мяне калісьці Ігар Мацюхоў: “Калі хочаш, каб хор спяваў добра, не давай яму спяваць дрэнна. Любымі шляхамі, любымі метадамі, але не давай спяваць дрэнна”. Вось я і не даю. Не ламаю іх, але раю ім, як зрабіць тое ці іншае лепш… Вось спіс удзельнікаў хору Cantus Uventae гэтага года: 94 прозвішчы. Калі б я быў нейкім дэспатам, напэўна ж, у мяне не было б такой лічбы. Усіх заб’ю — адзін застануся… Гэта не пра мяне. Я іншае бачу: дзеці абліпаюць мяне, іх цягне сюды. Хоць я ж ім за гэта грошай не плачу, нічога не абяцаю, нават паездак за мяжу. А іх цягне, ім тут цікава. Значыць, як бы гэта нясціпла ні гучала, я ўсё правільна раблю.
— На канцэрце Cantus’а ў рамках “АРТ-вакацый” я мог пераканацца, што ў вашага хору вельмі разнастайны рэпертуар. Спецыяльная апрацоўка, адаптацыя рэпертуару менавіта для студэнцкага хору — гэта праблема? Гэта заўсёды неабходна?
— Гэта не праблема, але ва ўсякім разе справа вельмі працаёмкая. Тут бывае па-рознаму. Калі, напрыклад, мы маем справу з аўтарскай песняй “Мой родны кут, як ты мне мілы…” на словы Якуба Коласа і музыку Ігара Лучанка, то, натуральна, бяром усё гэта ў арыгінале і выконваем у аўтарскай рэдакцыі, ні слова, ні ноты не выкідваем. Тое ж самае, напрыклад, і з эстонскай народнай песняй, якую нам некалі падарыў эстонскі хор: узялі гэтае дзевяцігалоссе і выконваем так, як напісана. Але бываюць моманты, напрыклад, з тымі ж спірычуэлсамі, калі напісана для прафесійнага складу, а я бачу, што… ну, не цягнуць мае тэнары. Тады ўжо прыходзіцца выразаць асобныя партыі, падганяць пад нашы магчымасці. У прынцыпе ў нас многа такіх твораў, якія перароблены пад той ці іншы склад хору. Вялікі дзякуй стваральнікам нотнага рэдактара “Сібеліус” за тое, што цяпер гэта стала рабіць значна прасцей.
— Дарэчы, а што гэта была за гісторыя, калі эстонскі хор падарыў вам сваю песню?
— Гэта было на фестывалі ў Каўнасе. Спачатку кантусаўцы пачулі гэтую песню на конкурсных праслухоўваннях і адразу загарэліся: мы хочам яе спяваць! А потым ужо ў нас была нефармальная сустрэча з тым эстонскім хорам у спартзале, дзе эстонцы таксама яе праспявалі. Між іншым у спартзале такая добрая акустыка! (Смяецца. — М.Ч.) Эстонцы таксама былі студэнтамі каледжа з лінгвістычным ухілам, а таму нашым студэнтам кантактаваць з імі было ўдвая прыемней — і на агульнай англійскай мове, і на агульнай музычнай мове. Падчас той сустрэчы кіраўнік эстонскага хору ласкава і перадаў мне ноты. А мы потым дома старанна вывучалі эстонскую фанетыку, праслухоўвалі іх запісы.
— У вашай супольнасці харавікоў гэта натуральная з’ява — дзяліцца рэпертуарам, падтрымліваць адно аднаго? Харавікі ў гэтым плане — людзі добрыя, бескарыслівыя?
— Харавікі — гэта людзі, і ім нічога чалавечае не чужое. Як і наогул сярод людзей, тут ёсць нармальныя людзі, а ёсць і нелюдзі. Сегменцік наш, я маю на ўвазе харавую самадзейнасць, дастаткова вузенькі, кожны пра кожнага ўсё ведае. А я ведаю яшчэ шмат пра што і пра каго і ў прафесійнай харавой сферы. Дык мушу сказаць, што ў самадзейнасці людзі дабрэйшыя, чым у прафесійнай галіне. Мне асабіста, напрыклад, нічога не шкада для сваіх калег. Літаральна летась я перадаў свайму калегу і сябру з хору БДУ ўсю ін’язаўскую харавую бібліятэку, якую за гады работы ў Cantus’е перавёў у лічбу. І мне зусім не шкада. Вось калі б мой харыст перайшоў да яго ў хор, тады было б шкада. А ноты… Давай выконваць! Проста ты будзеш так выконваць, а я буду так выконваць! Гэта ж яшчэ цікавей нават.
— Як наогул вы ацэньваеце ўзровень харавога студэнцкага руху ў нашай краіне? У гэтым сэнсе нам далёка, напрыклад, да прыбалтаў з іх знакамітымі пеўчымі палямі?
— Пакуль далёка. Але і вінаваціць нас за гэта наўрад ці можна. Таму што нам толькі 23 гады, а ім 11 стагоддзяў. Я маю на ўвазе неперарваную традыцыю. Я сам бачыў гэтае пеўчае поле ў Клайпедзе ў 1988 годзе, і не проста бачыў, а быў адным з 10 тысяч хлопчыкаў, якія сядзелі на стадыёне і спявалі хорам адну і тую ж песню. Мы ездзілі туды хорам хлопчыкаў ліцэя пры кансерваторыі. Гэта быў шок, гэта мурашкі, гэта такое ўражанне! Таму я і кажу — пакуль нам далёка яшчэ да іх… Там, сапраўды, спяваюць усе. Баюся памыліцца, але, па-мойму, там на ўзроўні закона ўсе дзеці абавязаны атрымліваць сур’ёзную музычную адукацыю. І ў Германіі кожны іграе на інструменце або спявае ў рамках агульнаадукацыйнай школы. А нядаўна мяне асабліва ўразіў той факт, што нават Венесуэла прыняла дзяржаўную праграму (уклалі ў яе мільёны долараў), паводле якой кожны венесуэльскі школьнік павінен асвоіць нейкі музычны інструмент.
— Павел Мікалаевіч, што ў вашых найбліжэйшых творчых, гастрольных планах? Дарэчы, магчыма, ваш хор нейкім чынам задзейнічаны ў чэмпіянаце свету па хакеі?
— О, вы пра хакей успомнілі — толькі рану развярэдзілі! Справа ў тым, што ў нас была, здаецца, вельмі класная задумка для чэмпіянату — каб хор ін’яза перад кожным матчам выконваў гімны краін-удзельніц. Уяўляеце, гуляюць, напрыклад, беларусы з фінамі, а перад матчам на ўсю “Мінск-Арэну” гучаць акапэльна гімны Беларусі і Фінляндыі! Адзін з удзельнікаў нашага хору і выпускнікоў нашага ўніверсітэта, які цяпер працуе ў федэрацыі хакея не на апошняй пасадзе, спрабаваў лабіраваць гэтую ідэю на дастаткова высокім узроўні. Але, на жаль, не падтрымалі. Магчыма, не захацелі паўтарацца, бо штосьці падобнае было нядаўна на адкрыцці Алімпіяды ў Сочы…
А што да гастролей, то на апошнім пасяджэнні клуба жонак паслоў, якое адбылося ў МДЛУ і дзе мы выступалі з канцэртам, да нас падышла жонка пасла Эстоніі і сказала, што было б цікава паказаць наш хор у іх краіне. Два гады назад мы ездзілі ў адмысловае турнэ па трох універсітэтах Германіі, дзе знаёміліся з нямецкімі студэнцкімі харавымі калектывамі, разам з імі давалі канцэрты, абменьваліся майстар-класамі. Было б, сапраўды, нядрэнна здзейсніць прыблізна тое ж у Эстоніі. Тым больш, што ў Эстоніі ўніверсітэтаў не так і шмат.
А яшчэ на перспектыву ў мяне ёсць задума — наведаць з канцэртамі ўсе ін’язы былога СССР. Яны ж засталіся, гэтыя навучальныя ўстановы, нам у спадчыну. Кажуць, цудоўныя ін’язы ёсць у Баку, Ніжнім Ноўгарадзе, не кажучы пра Маскву і Піцер. А там, безумоўна, ёсць свае харавыя калектывы. Як у той “Одзе радасці” Бетховена: “Абдыміцеся, мільёны!” Дык чаму б на культурным узроўні не адрадзіць гэтую сувязь паміж студэнцкімі харавымі калектывамі ўсіх былых савецкіх ін’язаў?..
— Сапраўды, добрая ідэя. Поспехаў вам. І вялікі дзякуй за гутарку.
Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.