Правілы жыцця выкладчыцы гісторыі мастацтва Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка і Інстытута журналістыкі БДУ, мастацтвазнаўца, пісьменніцы, журналісткі Галіны Багданавай.
***
Мне вельмі прыемна, што сёлета лепш за ўсіх і з Новым годам, і з 8 Сакавіка ўсіх жанчын Беларусі павіншаваў наш новы міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў, калі сказаў, што з наступнага навучальнага года ў школу вернецца як абавязковы прадмет “Сусветная мастацкая культура”. Гэта той прадмет, які, як і літаратура, выхоўвае душу. А я лічу, што беларусы вылучаюцца ў свеце якраз душэўнасцю. Калі мы будзем ведаць сусветную культуру і літаратуру, сваю культуру і літаратуру, мы ніколі не захочам парушаць мір і спакой. А чаму я гавару пра гэта ў сувязі з жанчынамі? Бо ў нас увогуле ад веку захавальніцамі міру, ладу і спакою былі і застаюцца жанчыны. І асабліва тыя прадметы, якія гавораць пра культуру і мастацтва, падтрымліваюць у людзях павагу да тых, хто побач. Гэта тое, чым займаецца жанчына ў жыцці. Гэта тое, чым займаецца настаўніца ў сваім класе.
***
За ўсё сваё жыццё я не атрымала ніводнай “чацвёркі” — ні на экзаменах, ні за гады… З залатым медалём скончыла мінскую 76-ю школу, з чырвоным дыпломам — журфак БДУ, з “пяцёркамі” адвучылася ў аспірантуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Гэта ўсё не таму, што мне хацелася выдатных адзнак, а таму, што мне проста ўсё было цікава. У школе мне была цікавая і матэматыка, і фізіка (я, дарэчы, збіралася быць фізікам), і біялогія, і геаграфія, і літаратура. І гэтую цікавасць да ўсіх прадметаў я пранесла праз усё жыццё. Сваіх настаўнікаў — і школьных, і ўніверсітэцкіх, і ў акадэміі — я ўспамінаю з вялікай удзячнасцю. Усіх-усіх. Яны ўва мне захавалі тую дзіцячую цікавасць да жыцця, якая вызначыла потым маю асобу як выкладчыцы, як журналісткі, як пісьменніцы. І калі ўжо гаварыць пра сучасную школу, то для нас, лічу, сёння самае галоўнае — захаваць павагу і ўвагу да кожнага, хто вучыцца. Для мяне гэта прынцыпова — падтрымліваць дзяцей. Падтрымліваць іх цікавасць да прадмета. Калі мне гавораць, што настаўнік ставіць многа “двоек”, я ўпэўнена на ўсе сто працэнтаў, што ў школе ён быў троечнік. Чалавеку, які сам у свой час вучыўся, потым цікава падтрымліваць іншых. А каго прыніжалі ў школе, той скрозь усё жыццё будзе прыніжаць іншых. І сёння я вучу дзяцей не зважаць на тых, хто іх прыніжае.
***
Большых адкрыццяў, большай радасці, чым я маю зараз у Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка і Інстытуце журналістыкі БДУ, дзе выкладаю гісторыю мастацтва і спецпрадметы, я нідзе не мела. Летась у Палацы мастацтваў ладзілася Рэспубліканская маладзёжная выстава. Больш за палову ўдзельнікаў — гэта тыя мастакі, каго мне пашчасціла вучыць у гімназіі-каледжы з 5 класа. Я запрасіла на гэтую выставу сваіх студэнтаў з Інстытута журналістыкі і папрасіла іх выбраць творы, якія ім спадабаліся, і напісаць пра іх — ці ў форме эсэ, ці ў вершаванай форме — у каго як атрымаецца. У выніку пабачыў свет цудоўны каталог, дзе побач з мастацкімі творамі маладых мастакоў змяшчаліся літаратурныя творы маладых журналістаў. Адбыўся гэтакі камертон густу. Яны быццам знайшлі адно аднаго. І цяпер мне спакойна за іх будучыню, таму што ў мастакоў будуць гледачы і прафесійныя аналітыкі, а ў журналістаў — візуальныя вобразы, якія ім дапамогуць спасцігаць жыццё. А я ж вучыла і адных, і другіх.
***
Чаму яшчэ на сённяшні дзень у школе неабходна сусветная мастацкая культура? Таму што гэта не толькі філасофія жыцця, не толькі культура іншых народаў, якая цікавая настолькі, што не хочацца ваяваць, а хочацца яе спасцігаць, але і таму, што сённяшняе пакаленне больш канкрэтна ўспрымае візуальныя вобразы — не вербальныя. Моладзі трэба падказаць, што ёсць у гэтых візуальных вобразах філасофія, існасць, і што сярод іх ёсць тое, за чым няма будучыні і наогул няма нічога. Калі мы гэтага не зробім, то ёсць вялікая небяспека, што ўсе вобразы ў іх свядомасці хутка ператворацца ў смецце. Свядомасць жа маладога чалавека няўстойлівая па сваёй прыродзе. Чаму мы сёння часта гаворым пра нейкія дэструктыўныя ўплывы, тэрарыстычныя арганізацыі? Маладога ж чалавека ўсё адно будзе прыцягваць нейкае магутнае поле. Ён сам будзе шукаць сабе не балота, а нейкую трывалую глебу, апору. І тут вельмі важна скіраваць яго да існасці. Гэта можа быць і літаратура, і мастацкая культура, і матэматыка. А можа быць і ўсё разам у гармоніі. Мы ж не будзем сцвярджаць, што Леанарда да Вінчы не ведаў матэматыкі. Ён лепш за ўсё ведаў матэматыку!
***
Мне здаецца, школа будучыні ў тым, каб мы дапамаглі кожнаму дзіцяці атрымаць сваю “дзясятку”. Не адмахвацца, маўляў, раз ты займаешся мастацтвам, то табе не патрэбна матэматыка і вось табе два балы. Не! Дапамажыце яму палюбіць матэматыку. Стварыце для гэтага неабходную атмасферу! Геніяльны французскі скульптар Эміль Антуан Бурдэль усё жыццё ўспамінаў свайго настаўніка матэматыкі. Калі на ўроку ў Бурдэля не атрымлівалася рашаць задачы гэтак жа хутка, як усім астатнім вучням, настаўнік вёў Бурдэля ў іншы клас, даваў яму тыя заданні, якія былі яму пад сілу. І так паступова-паступова дапамагаў яму дагнаць іншых. І, можа быць, не ў апошнюю чаргу дзякуючы якраз настаўніку матэматыкі, які не развіў у Бурдэлю комплексы, не забіў у ім асобу, а, наадварот, прымусіў яго паверыць у свае сілы, той і стаў вялікім скульптарам. Праўда заключаецца ў тым, што той, хто сёння, умоўна кажучы, вельмі хутка рашае задачы і каму сёння паставілі “дзясятку”, заўтра можа нічога ў жыцці не стварыць. Ён можа вырасці проста гэтакім самаўпэўненым пеўнем. А нейкі хлопец, які ўчора прыехаў з вёскі і яшчэ не навучыўся хутка рашаць, нават гаворыць не так гладка, як хацелася б, заўтра можа ўсіх здзівіць геніяльным творам. Я ведаю такіх хлопцаў. Яны сёння выдатныя мастакі, гонар нашага сучаснага мастацтва.
***
Мая першая публікацыя як журналіста-пачаткоўца была менавіта ў “Настаўніцкай газеце” ў 1978 годзе, калі я была яшчэ школьніцай. Пазней у “Настаўніцкай газеце” надрукавалі мой артыкул пра гімназію-каледж, куды я прыйшла працаваць. Артыкул называўся “Ці трэба вучыць геніяў?”. Я гэтым пытаннем тады цікавілася як журналістка, праводзіла своеасаблівы эксперымент. Сёння я фактычна працягваю праводзіць той эксперымент. Мне цікава адкрываць новыя імёны, паглыбляцца ў вобразы, якія яны мне адкрываюць, і дапамагаць ім суадносіць сябе з мастацтвам. Мне здаецца, я разумею наступнае пакаленне, бо стараюся глядзець на іх не з вышыні, імкнуся ўсур’ёз ставіцца да іх адкрыццяў. Толькі два прыклады. Неяк у 7 класе мы аналізавалі вядомы ў многіх народаў, у тым ліку ў нашага, салярны знак — круг з кропачкай пасярэдзіне. І тут да дошкі выходзіць Хрысціна Крэчка, дарэчы, стыпендыят спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (сёння яна дастаткова вядомы мадэльер), і пачынае маляваць гэты круг з кропачкай, галоўку, ручкі, ножкі… І кажа: “Гэта цяжарная жанчына. Вось дзіця ў пузіку мамы, вось яно выходзіць на сонейка”. Спасылаючыся на Хрысціну Крэчка, я потым зрабіла пра гэта публікацыю ў часопісе “Мастацтва”. Магчыма, гэта адзіная ў свеце такая публікацыя. І другі прыклад. Аднойчы Дзяніс Іваноў, таксама стыпендыят спецфонду, выканаў творчае заданнне — зляпіў першабытнае жыллё, падобнае на шапку. А чаму на шапку? Таму што першабытны чалавек бачыў, што чалавек гіне, калі ў яго пашкоджваецца чэрап. І таму ён рабіў жыллё такое, як шапка. А ўверсе там быццам цемечка такое ідзе… Можа, калі б я не была журналісткай, я і не справакавала б сваіх вучняў на такое ці проста не заўважыла б гэтыя адкрыцці.
***
Я заўсёды кажу і сваім калегам-выкладчыкам, і дзяўчатам-навучэнкам: “Заўсёды слухайце хлопцаў. Трэба даваць хлопцу выказацца, што б ён ні гаварыў, нават як бы ён ні заікаўся пры гэтым… Хлопец гаворыць — дзяўчаты маўчаць”. Таму што хлопец, мужчына па сваёй прыродзе — стратэг. А мы, жанчыны, — тактыкі. Мы будзем бясконца шукаць дэталі, хадзіць нейкімі блытанымі сцежкамі… Але калі няма стратэгіі, то нашы сцежкі нікому будуць непатрэбны. І калі ў класе хлопцаў не слухаць, то яны пойдуць, сядуць на галёрку і наогул нічога рабіць не будуць. А то яшчэ і ўрокі пачнуць зрываць — ім жа таксама хочацца ўвагі. У свой час мяне нават адкрыта папракнулі ў адной газеце, маўляў, Багданава падтрымлівае толькі мужчын і нават сваёй мастацкай прозай адмаўляе існаванне фемінізму. Не, няпраўда. У творчасці я заўсёды заставалася і застаюся да канца жанчынай. Абсалютна. Але я ведаю, што калі мы сёння не паслухаем мужчын, то заўтра яны пойдуць ваяваць. Тым больш недапушчальна, калі мы гаворым пра сітуацыю ў школе, на месцы настаўніка ў прысутнасці дзяўчат і нават без іх прысутнасці гаварыць хлопцу, маўляў, ты такі недалёкі, тупы і г.д. У мяне былі ў класе хлопцы, якія заікаліся. Пазней яны таксама сталі выдатнымі мастакамі і сёння сябруюць з тымі дзяўчатамі, сённяшнімі мастацтвазнаўцамі, якіх я некалі вучыла: “Хлопец гаворыць — дзяўчаты маўчаць”. “Сусветная мастацкая культура” — гэта якраз той прадмет, які дапамагае хлопцам любіць і паважаць дзяўчат, а дзяўчатам — хлопцаў.
***
Калі на ўроках па гісторыі старажытнай культуры я расказваю дзецям пра бурштынавыя пласцінкі-манеткі з дзірачкамі ў сярэдзіне, якія клалі нашы продкі на вочы памерлым, звяртаю ўвагу на тое, што мы не ведаем, з якога святла мы прыходзім у гэты свет і ў якое святло ў рэшце рэшт ператвараемся. Можа, нашы далёкія продкі праз гэтыя маленькія сонечныя знакі якраз і далучалі сябе да нашай сонечнай цывілізацыі. І другі вельмі важны сімвал з нашай старажытнай культуры — ручнік. На ручнік прымалі дзіця, ручнікамі апярэзваліся на вяселлі маладыя, на ручніках апускалі нябожчыка ў магілу, што і сёння яшчэ ёсць у некаторых мясцовасцях. Белы ручнік, як і бурштынавыя пласцінкі-манеткі, з’яўляюцца нам напамінам пра той белы свет, раку часу, абмежаваную чырвонымі знакамі жыцця — агнём і крывёй. І чорны колер у нашай народнай свядомасці — гэта не канец, як у Малевіча, а пачатак новай рэальнасці. Мы ўсяго толькі пераступаем нейкі парог, сыходзячы ў чорнае з белага.
***
Каб нешта любіць у мастацтве, ці трэба гэта разумець? Безумоўна, трэба. Але нават не столькі разумець, колькі адчуваць, цікавіцца гэтым, цягнуцца да гэтага. І тады разуменне прыйдзе менавіта праз адчуванні, праз уласныя душэўныя, ментальныя і эмацыянальныя адкрыцці. Для мяне важна, каб мастацтва для чалавека было родным, блізкім, цікавым. І тут, на ўроках па сусветнай мастацкай культуры, па гісторыі мастацтва, галоўнае — не запужаць, не адбіць ахвоту. Гэта не тыя прадметы, веды па якіх можна ацэньваць па прынцыпах “рашыў ці не рашыў”, “ведаеш назву ці не ведаеш”. Ты можаш не ведаць чыё-небудзь імя, назву якой-небудзь карціны, але галоўнае, каб у цябе была адкрытая душа, каб яна адгукалася на той ці іншы твор мастацтва… Ці не асноўная задача прадметаў па мастацтве і культуры — раскрыць душу чалавечую, разняволіць маладога чалавека. А яшчэ ёсць такія паняцці, як “інтуіцыя” і “напрацаванасць”. Як і ў матэматыцы, як у шахматах. Вось ён рашаў шмат розных — лёгкіх і складаных — задач, а цяпер бачыць новую задачу, і рашэнне ўжо інтуітыўна да яго прыходзіць. Тое ж самае і ў мастацтве. Ён бачыў шмат мастацкіх твораў на выставах, у альбомах, у падручніку. Ён шмат пра іх чуў, чытаў, сам спрабаваў гаварыць пра іх на ўроках. І вось ён прыходзіць на выставу сучаснага мастацтва, і — о, цуд! — яго душа адгукаецца на той твор, які мае сапраўдную каштоўнасць…
***
Мне ў жыцці пашанцавала, што вакол мяне заўсёды былі і ёсць творчыя людзі. Я вырасла ў сям’і пісьменніка Барыса Сачанкі, мой муж — мастак і выкладчык Пятро Багданаў, мае дзеці займаюцца мастацтвам, з юнымі мастакамі і музыкантамі я кантактую кожны дзень у Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка, а з журналістамі-пачаткоўцамі — у Інстытуце журналістыкі БДУ… І таму для мяне жаночае шчасце — штодня, штохвіліны рабіць адкрыцці з тымі, хто побач, радавацца іх адкрыццям. Хтосьці напісаў новы твор, хтосьці выказаў нейкую разумную думку, хтосьці падзяліўся са мной сваім жыццёвым адкрыццём — і я шчаслівая, і мне радасна за іх. А ўвогуле, шчаслівыя тыя, каму Бог даў здольнасць кахаць, любіць. Кайф ад таго, што сам кахаеш, што можаш раставаць у некім іншым. Тады жыць хочацца. Тады яшчэ больш кахаць хочацца. І тады ўсіх любіць хочацца.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.