Апошнім прыпынкам у маім кароткім падарожжы па адукацыйным Шчучыне быў Шчучынскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, і ў гэтым, здаецца, была свая адмысловая логіка, свой сэнс. Пабываўшы да гэтага ў гімназіі і яслях-садзе — гэта значыць ва ўстановах агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі, для поўнага задавальнення ад камандзіроўкі я мусіў мець яшчэ і нешта ў дадатак. І акурат гэтым дадаткам стаў Шчучынскі ЦТДіМ — установа дадатковай адукацыі. Толькі якогасьці салодкага смутку дадаваў той факт, што я пабываю там, адкуль уласна сам цэнтр творчасці дзяцей і моладзі хутка з’едзе. І з’едзе не куды-небудзь на задворкі, а ў шыкоўны адрэстаўраваны палац Друцкіх-Любецкіх, які 6 верасня гасцінна адчыніць свае дзверы для дзяцей.
І ўсё ж я пабываў. Намеснік дырэктара Шчучынскага ЦТДіМ Наталля Міхайлаўна Карэцкая ласкава правяла для мяне невялікую экскурсію па цэнтры, завёўшы ў розныя пакоі, дакладней, пакойчыкі, дзе доўгія гады малявалі, спявалі, шылі, нават танцавалі дзеткі. Мне ж падчас гэтай экскурсіі так і смылела задаць ёй пытанне: “Як жа вы ўмудраліся тут займацца ды пры гэтым яшчэ перамагаць на конкурсах, заваёўваць прызы, атрымліваць званні, ладзіць выставы дзіцячай творчасці?” Напэўна, убачыўшы ў маіх вачах пытанне, Наталля Міхайлаўна сама загаварыла першай: “А вось так і ўмудраліся. Ды яшчэ і грошы ўмудраліся зарабляць! Але ж мы не толькі тут туліліся, мы займаліся і выступалі на самых розных пляцоўках…”
Шчучынскаму цэнтру творчасці дзяцей і моладзі і сапраўды ёсць чым пахваліцца.Літаральна ў жніўні Міністэрства культуры прыняло рашэнне аб прысваенні звання “ўзорны” студыі моды “Гармонія”, і цяпер у цэнтры два ўзорныя калектывы — “Гармонія” і студыя эстраднай песні “Апрель”, між іншым вядомая далёка за межамі Шчучыншчыны. За мінулы навучальны год калектывы ўстановы атрымалі 114 перамог на самых розных конкурсах і фестывалях, з іх 17 перамог міжнароднага ўзроўню.Так, удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Выяўленчая і літаратурная творчасць” прынялі ўдзел у Міжнародным фестывалі дзіцячай і маладзёжнай творчасці ART-PANORAMA BALTIKA-2015, які рэалізоўваецца пры падтрымцы Рэзекненскай гарадской думы Латвіі. У рамках гэтага фестывалю ў Стакгольме праходзіў пленэр юных мастакоў, па выніках якога адразу 3 навучэнкі Шчучынскага ЦТДіМ атрымалі дыпломы: Дар’я Карэцкая — І ступені, Надзея Хмяльніцкая — ІІ ступені, Кацярына Снапко — ІІІ ступені. У сакавіку навучэнец аб’яднання Цімафей Пракопчык стаў лаўрэатам І ступені міжнароднага фестывальна-конкурснага праекта сучаснага мастацтва і крэатыўнай творчасці “Апельсінавая бяроза” ў дзвюх намінацыях: “Мастацкая і дэкаратыўная творчасць” і “Паэт-сучаснік”.Салістка ўзорнай студыі эстраднай песні “Апрель” Паліна Бекіш стала лаўрэатам Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “ЛьВёнок” у Лідзе. Навучэнцы студыі сталі прызёрамі Рэспубліканскага конкурсу вакальнай творчасці ў рамках конкурсу “Юныя таленты Беларусі” і ўзнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь: квартэт “Апрель” — 3 месца, салістака Паліна Бекіш — 2 месца.
Навучэнка аб’яднання па інтарэсах “Свет вакол нас” Вераніка Дацэнка прымала ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе “АрхНавацыя-2014” і заняла 3 месца, а Кацярына Пікта стала лаўрэатам І ступені Рэспубліканскага конкурсу дзіцячай фатаграфіі.
Юныя спартсмены з аб’яднання па інтарэсах “Таэквандо” Аляксей Люляк, Дзмітрый Бяганскі, Улад Магнушэўскі і Ягор Савін паспяхова выступілі на Х Міжнародным турніры па ўшу ў Маладзечне.
І прыклады такіх перамог і дасягненняў можна доўжыць і доўжыць… 1566, а менавіта столькі навучэнцаў займалася ў мінулым навучальным годзе ў Шчучынскім ЦТДіМ, — гэта вельмі ўнушальная лічба для ўстановы дадатковай адукацыі раённага горада. А ёсць жа яшчэ слова “патэнцыял”. У творчасці ён можа раскрыцца, а можа і не раскрыцца, калі для гэтага не будзе адпаведных умоў.
Калектыў цэнтра на чале з дырэктарам Ірынай Пятроўнай Дзегцяровай звязвае з перасяленнем у адрэстаўраваны палац вялікія надзеі, бо гэта і плошчы, і магчымасці, і гэты самы патэнцыял.
А на свяце Дня беларускага пісьменства таленавітых, яркіх і ўмелых навучэнцаў Шчучынскага ЦТДіМ можна будзе ўбачыць і ў горадзе майстроў, дзе яны прадставяць свае сувеніры, і на дзіцячай пляцоўцы “Вясёлка дзяцінства”, дзе яны будуць удзельнічаць у канцэрце лепшых дзіцячых калектываў Гродзеншчыны, і, безумоўна, на ўрачыстым адкрыцці адрэстаўраванага палаца — ім жа хутка туды засяляцца.
Адмысловы творчы праект да Дня беларускага пісьменства, распрацаваны ў Шчучынскім ЦТДіМ, называецца “На крылах творчасці”. Дык ляціце ж на крылах творчасці ў палац!
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і БелТА.