Усё сур’ёзна ў Шчучыне, вельмі сур’ёзна! І ў вучэбным, і ў навукова-даследчым, і ў музейным плане… Я гэта асабліва выразна адчуў, калі пабываў у Шчучынскай гімназіі і пазнаёміўся там з дзвюма вельмі цікавымі жанчынамі: настаўніцай гісторыі, фактычна легендарным мясцовым краязнаўцам, ініцыятаркай мноства гісторыка-краязнаўчых праектаў, у тым ліку па вызначэнні сямі цудаў Шчучыншчыны, Аленай Яўгенаўнай Лісоўскай і настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, дарэчы, добрым сябрам нашай газеты, членам настаўніцкага клуба “Крыштальны журавель” Аленай Васільеўнай Пасюта.
Тры галоўныя традыцыі
Мы знаходзімся ў гімназічным “Музеі адукацыі Шчучыншчыны”, і найперш я прашу Алену Яўгенаўну і Алену Васільеўну назваць мне тры самыя-самыя фішкі Шчучына — тры найбольш значныя традыцыі, якімі славіцца гэты горад і якімі вылучаецца ён сярод іншых беларускіх гарадоў. Мае суразмоўніцы доўга не думаюць. Алена Яўгенаўна Лісоўская адразу кажа: “На першае месца я паставіла б унікальныя адукацыйныя традыцыі нашага горада. Вось вам хоць бы адзін зафіксаваны пісьмова факт: у ХVIII стагоддзі ў мястэчку Шчучын кожны трэці жыхар або вучыў, або вучыўся. Далёка не кожнаму мястэчку гістарычна так пашанцавала. А тут асвета, здаецца, у самім паветры. І гэтая атмасфера да гэтага часу ў Шчучыне не знікла. Прынамсі, я як настаўнік гэта востра адчуваю…” Алена Васільеўна Пасюта дадае: “І, дарэчы, мы наш музей назвалі “Музеем адукацыі Шчучыншчыны” менавіта таму, што асветніцкія, адукацыйныя традыцыі тут заўсёды былі вельмі моцнымі, і яны ж сталі асновай нашага існавання як гімназіі. Хаця тут вы можаце бачыць экспанаты, на першы погляд зусім не звязаныя з уласна адукацыяй”.
“А другую фішку, — працягвае Алена Яўгенаўна, — я абазначыла б так: у нас у горадзе склаліся ўнікальныя раслінаводчыя традыцыі, звязаныя з тым, што ў ХVIII стагоддзі ў Шчучыне існаваў адзін з першых на тэрыторыі сучаснай Беларусі батанічных садоў. І гэта не наша прыдумка, гэта высновы вядомага прафесара БДПУ імя Максіма Танка Анатоля Тарасавіча Федарука. Нашы раслінаводчыя традыцыі звязаны з дзейнасцю знакамітага навукоўца Станіслава Баніфацыя Юндзіла, які быў вучнем Жылібера, а той, як вядома, у свой час разбіў першы ў Беларусі батанічны сад у Гродне. Калі Юндзіл стаў рэктарам Шчучынскага калегіума піяраў, ён увёў там курс батанікі і ў дыдактычных мэтах вырашыў таксама разбіць батанічны сад у нашым горадзе. Калекцыі раслін ён браў якраз у свайго настаўніка Жылібера”.
“Ну, а трэцяя фішка — гэта нашы выдатныя літаратурныя традыцыі! — Алена Васільеўна Пасюта, здаецца, нават крыху збянтэжаная, што яе ўлюбёная стыхія — літаратура — апынулася толькі на трэцім месцы ў рэйтынгу шчучынскіх традыцый. — Сваімі вытокамі яны таксама сягаюць у ХVIII стагоддзе і зноў жа звязаны з калегіумам ордэна піяраў, таму што адным з яго выпускнікоў быў Ануфрый Петрашкевіч, філамат, сябар нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі, Адама Міцкевіча. Менавіта Ануфрый Петрашкевіч лічыцца захавальнікам беларускамоўнай спадчыны Яна Чачота, Тамаша Зана… А, пераскочыўшы стагоддзе і трапіўшы ў пачатак ХХ стагоддзя, мы, безумоўна, не можам не згадаць пра нашу знакамітую зямлячку Алаізу Пашкевіч, больш вядомую па сваім літаратурным псеўданіме Цётка. Яна нарадзілася ў фальварку Пешчын, што на Шчучыншчыне, і памерла ў нашых жа краях у вёсцы Стары Двор, дзе і пахавана. А далей — гэта нашы вядомыя сучасныя літаратары-землякі Рычард Бялячыц, Гвідон Ждановіч, Алена Руцкая і многія іншыя”.
І вось тут ужо я разгубіўся. Ёсць тры раўназначныя традыцыі — з чаго ж пачаць?
Але, заўважаючы маю разгубленасць, на дапамогу мне прыходзяць мае суразмоўніцы — не былі б настаўніцамі, якія, мабыць, неаднойчы бачылі на ўроках разгубленых вучняў…
Хто такія піяры?
Піяры (ад лацінскага patres scholarium piarum — “айцы набожных школ”) — каталіцкі манаскі ордэн. Ён быў заснаваны ў 1597 годзе іспанскім святаром Іосіфам (Хасе) Каласанцам, у 1621 годзе зацверджаны Рымскім Папам Грыгорыем XV. Іосіф Каласанц нарадзіўся ў 1557 годзе ў Перальта-дэ-ла-Саль (Іспанія). Праз некалькі гадоў пасля святарскага пасвячэння ён прыехаў у Рым, каб атрымаць касцёльны бенефіцый. Аднак менавіта тут, у бедным гарадскім раёне за Тыбрам, для Каласанца адкрылася сапраўдная місія ўсяго яго жыцця — клапаціцца пра ўбогіх і занядбаных дзяцей. У 1597 годзе ён засноўвае першую ў Еўропе пачатковую школу — бясплатную, даступную для ўсіх. Ён цалкам прысвяціў сябе служэнню абяздоленым дзецям. А каб надаць трываласць сваёй справе, і заснаваў ордэн піяраў.
Мэтай піяраў было выхаванне і навучанне юнацтва праз стварэнне шырокай сеткі сваіх калегіумаў, а не палітычная ці місіянерская дзейнасць. Піярскі калегіум, як правіла, узначальвалі рэктар (займаўся адміністрацыйнымі справамі) і прэфект (загадваў вучэбнай часткай). Вучэбны курс падзяляўся на 7 класаў: праформа (вучылі пісаць, чытаць і пачаткам арыфметыкі), інфіма (тыя ж самыя прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства), рыторыка (рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі мелі званне магістраў ці прафесараў. Навучанне было бясплатнае, плата бралася толькі за канвікт (інтэрнат). Найбольш збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але павінны былі выконваць шэраг работ па школьнай гаспадарцы.
На Беларусі калегіумы і школы піяраў дзейнічалі ў Лідзе, Шчучыне, Віцебску, Паставах, Драгічыне, Зэльве і інш. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай піяры паступова спынілі і сваю дзейнасць. Сярод знакамітых беларусаў — выхаванцаў піярскіх школ — трэба назваць найперш Тадэвуша Касцюшку, Станіслава Манюшку, Ігната Дамейку.
Традыцыя адукацыйная
“А, між іншым, мы з вамі зараз знаходзімся ў будынку 1902 года пабудовы, і тут тады была настаўніцкая семінарыя”, — Алена Яўгенаўна намякае на тое, што першым чынам мы пагаворым пра адукацыйныя традыцыі. І я пачынаю яе ўважліва слухаць.Як высвятляецца, царская настаўніцкая семінарыя праіснавала тут не надта доўга. У 1915 годзе ў сувязі з падзеямі Першай сусветнай вайны была эвакуіравана. Пасля Рыжскага мірнага дагавора, калі Заходняя Беларусь адышла да Польшчы, палякі адразу тут адкрылі польскую настаўніцкую семінарыю. Затым, у 1932 годзе, пасля адукацыйнай рэформы, тут адкрыўся педагагічны ліцэй. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі да вайны тут была ўжо савецкая сярэдняя школа, а пасля Вялікай Айчыннай вайны быў перыяд, калі ў гэтым будынку размяшчаўся вучэбна-вытворчы камбінат. З 2004 года — тут Шчучынская гімназія.
Такім чынам, заўважае Алена Яўгенаўна, паколькі ў гэтым будынку заўсёды месціліся нейкія навучальныя ўстановы, ён як бы сам заахвоціў настаўнікаў Шчучынскай гімназіі да гісторыка-краязнаўчых пошукаў. І тады, у сярэдзіне нулявых, гэта было шчасцем знайсці выпускнікоў яшчэ той, польскай гімназіі, якая існавала да 1939 года! У Вільнюсе тады яшчэ жылі дзве такія выпускніцы — Ніна Георгіеўна Токць-Кулакоўская і Софія Собаль. Ім было па 84 гады.
Тут мая суразмоўніца дастае з вітрыны адзін дакумент і паказвае яго мне. Ну, пісьмо як пісьмо — роўненькі почырк, прыгожы літаратурны стыль, але я паступова ўчытваюся… і разумею, што гаворка ў пісьме ідзе якраз пра гэтую польскую гімназію, што гэта бясцэнныя ўспаміны і што пісала іх выпускніца той гімназіі ў 84 гады! “Гэтыя жанчыны паведамлялі нам звесткі, якіх немагчыма было знайсці ні ў якім даведніку, — працягвае Алена Яўгенаўна. — Потым мы знайшлі яшчэ адну выпускніцу 30-х — Аляксандру Уладзіміраўну Мазура. Сама пісаць яна ўжо не магла, надыктоўвала ўспаміны дачцэ. Дарэчы, яна і цяпер жыве — сёння ёй 90… І вось так мы ўзнаўлялі гісторыю нашай установы адукацыі”. Алена Яўгенаўна паказвае ўнікальныя рэчы, якія перадавалі музею выпускніцы 30-х: марлевыя накідкі, якія шылі гімназісткі на ўроках працоўнага навучання, падручнікі, па якіх яны займаліся…
А тым часам наша гутарка крута разварочваецца ў зусім іншы бок, бо Алена Яўгенаўна гаворыць: “Ну, а яшчэ адзін кірунак, які мы таксама пачалі даследаваць з самых першых гадоў існавання нашай гімназіі, — гэта калегіум піяраў і даследаванне жыцця вядомых дзеячаў гэтага калегіума, найперш Станіслава Баніфацыя Юндзіла”. І я разумею: мы пераходзім да другой фішкі Шчучына — раслінаводчай традыцыі.
Традыцыя раслінаводчая
І ўсё ж, хто ён такі — гэты загадкавы Станіслаў Баніфацый Юндзіл?
Для Шчучынскай гімназіі — апякун, заступнік, адна з самых прыцягальных асоб у гісторыі, жыццё і дзейнасць якой захапляюць ужо не адно пакаленне шчучынскіх гімназістаў дый наогул вельмі многіх шчучынцаў. Для Алены Яўгенаўны Лісоўскай — гэта наш беларускі Капернік, у асобе якога сышліся аскетычны манах і палымяны вучоны. “Гэта быў сапраўды ўнікальны чалавек, — з захапленнем распавядае мая суразмоўніца, — вы ж толькі ўявіце сабе: XVIII стагоддзе, заалогіі і батанікі на тэрыторыі гістарычнай Літвы яшчэ няма, дый наогул на нашу прыродазнаўчую навуку еўрапейцы глядзяць звысоку… Але ён, тым не менш, пачынае апантана збіраць гербарый, піша падручнікі па батаніцы, па заалогіі. Для практычнага навучання манахаў-піяраў разбівае батанічны сад, у якім разводзіць каля 500 раслін. Тут жа, у Шчучыне, пачынае працаваць адна з першых сапраўдная аптэка пад яго апякунствам. Сябруе з Румянцавым, які дорыць яму бюст Карла Лінея. І вось ён, апафеоз яго дзейнасці: яго, батаніка-манаха са Шчучына, запрашаюць спачатку ў Вену, каб ён там разбіў батанічны сад, а потым з тымі ж мэтамі ў Вільню ды ў Віленскі ўніверсітэт, дзе ён прапрацуе амаль чвэрць стагоддзя, атрымае ступень доктара багаслоўя, званне прафесара батанікі і заалогіі, створыць мінералагічны і прыродазнаўчы кабінеты пры Віленскай акадэміі і, канечне ж, пры гэтым увесь час будзе апекавацца батанічным садам. А першым жа яго вопытам у гэтым сэнсе быў маленькі Шчучын…”
У 2011 годзе ў сувязі з 250-годдзем з дня нараджэння Станіслава Баніфацыя Юндзіла Алена Лісоўская разам з калегамі і гімназістамі рэалізавала першы “юндзілаўскі” праект. У ім прынялі ўдзел 26 устаноў адукацыі з усёй краіны, навучэнцы якіх атрымалі запрашэнне ад Шчучынскай гімназіі напісаць пра сваіх выдатных землякоў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё іх мясцовасці. Потым удзельнікаў праекта запрасілі на вялікую канферэнцыю ў Шчучын, куды з’ехаліся такія вядомыя вучоныя, як Анатоль Тарасавіч Федарук, Андрэй Леанідавіч Кіштымаў, Софія Барысаўна Савелава, Наталля Міхайлаўна Луніна, Марцін Ауш (Люблінскі ўніверсітэт) і інш. Яны выступалі перад дзецьмі ў першы дзень канферэнцыі, а на другі дзень ужо працавалі секцыі, старшынямі на якіх былі якраз гэтыя вучоныя, а навучэнцы абаранялі свае навукова-даследчыя работы. А потым… а потым з гэтага праекта нарадзіўся новы.
Тут трэба заўважыць, што да гэтага часу вучоныя, даследчыкі, краязнаўцы спрачаюцца наконт таго, дзе канкрэтна знаходзіўся батанічны сад, разбіты Станіславам Баніфацыем Юндзілам у Шчучыне. Адны ўпэўнены, што недзе каля касцёла Святой Тэрэзы на прыкасцёльнай тэрыторыі, другія — што каля палаца Друцкіх-Любецкіх, трэція і наогул сцвярджаюць, што батанічны сад быў не ў самім Шчучыне, а ў вёсцы Руткевічы, што за 3 кіламетры ад горада.
“І вось мы неяк падумалі, — далей распавядае Алена Яўгенаўна, — ну, калі дакладна вядома, што такі сад быў, то не мог жа ён знікнуць бясследна, не мог жа проста праваліцца пад зямлю. Там жа, напэўна, акрамя лекавых траў, раслі яшчэ і дрэвы-экзоты. А насенне — яго ж немагчыма спыніць! Яно ляціць туды, куды хоча… І тады ў нас разам з настаўнікам біялогіі нарадзіўся даследчы праект, назва якога потым выкрышталізавалася як “Відавая разнастайнасць рэдкіх дрэў горада Шчучына і наваколля”. Мы з дзецьмі літаральна прачэсвалі наш горад, уважліва глядзелі…”
“І няўжо штосьці адшукалі з экзотыкі?” — не вытрымліваю я, чамусьці ўспомніўшы тых бабулек, колішніх выпускніц польскай гімназіі Шчучына, якіх Алена Яўгенаўна адшукала ў нулявых гадах.
“Знайшлі! Напрыклад, каля нашага рэстарана літаральна ў тратуары расце сасна. І на горачцы, каля помніка Цётцы, таксама растуць сосны. Дык вось на горачцы растуць звычайныя сосны. А каля рэстарана — Веймутава сасна, названая так у гонар лорда Веймута, які ў пачатку ХVII стагоддзя завёз гэтае дрэва ў Еўропу з Паўночнай Амерыкі, пасадзіў яе на сваёй сядзібе і пачаў разводзіць. Веймутава сасна адрозніваецца ад нашай:
у яе мякенькія іголачкі, і шышкі ўяўляюць нейкі гібрыд паміж сасновымі і яловымі. Або яшчэ прыклад. Ля Дома гандлю растуць пяць дрэў маньчжурскага арэха — для нашых шырот гэта таксама экзот. Расла ў Шчучыне шаўкоўніца — на жаль, спілавалі. Яна навісала над дарогай, і мы проста не паспелі яе выратаваць, перасадзіць. Па вуліцы Леніна растуць буйналістыя ліпы. У звычайнай ліпы лісточкі маленькія, а ў гэтай — з далонь, добрую такую мужчынскую далонь… А яшчэ за 10 кіламетраў ад Шчучына ёсць плантацыя коркавага дрэва — так званага аксаміту амурскага. Але гэта ўжо не Юндзілавых рук справа. Мы даведаліся, што ў 1954 годзе гэтая плантацыя была высаджана Шчучынскім лясніцтвам, магчыма, для патрэб Лідскага піўзавода, для бутэлечных коркаў…”
Алена Яўгенаўна Лісоўская яшчэ шмат пра што мне расказала. У прыватнасці, пра іншыя навукова-даследчыя праекты, якімі займалася разам з дзецьмі, такімі як “Помнікі Вялікай Айчыннай вайны на Шчучыншчыне”, “Сем цудаў Шчучыншчыны”, “З гісторыі сядзібы ў вёсцы Кульбачына” (знайшлі нашчадкаў уладальніка гэтай сядзібы, перапісваліся з ім), “Забытая кляновая алея” (прааналізавалі, апісалі 14 паркаў, якія былі на тэрыторыі Шчучыншчыны, не ўсе захаваліся), “Канстанцін Тызенгаўз — заснавальнік беларускай арніталогіі” і інш. Раз-пораз яна дэманстравала ўнікальныя музейныя экспанаты, напрыклад, “Тэатральны агляд” на польскай мове за 1882 год, прыжыццёвае выданне рамана “Над Нёманам” Элізы Ажэшкі, даваенную друкарку, якую музею перадалі з рэдакцыі мясцовай газеты “Дзянніца”.
Але на развітанне ўсё-такі зноў успомніла Юндзіла: “Гэта наш брэнд. І мы павінны яго раскручваць, піярыць”.
Традыцыя літаратурная
Калі Юндзіл — брэнд Шчучына яшчэ недастаткова раскручаны, то Цётка ў гэтым сэнсе, безумоўна, ужо адбылася. Яна ўжо даўно тут свая, шчучынская. У Шчучыне стаіць любімы ўсімі жыхарамі помнік Цётцы, ёсць на Шчучыншчыне і шмат іншых мемарыяльных мясцін, звязаных з Алаізай Пашкевіч.
Але Алена Васільеўна Пасюта лічыць, што не ўсё тут так проста, што гэтага мала — ведаць, што ты зямляк нейкага вядомага паэта. “Мы хочам, — гаворыць Алена Васільеўна, — каб у нашых дзяцей засталіся не толькі ўспаміны ад урокаў, прысвечаных тым ці іншым творцам, наогул ад вучобы ў гімназіі, а каб яны самі жылі тым асветніцкім жыццём, якім жывём і мы, настаўнікі. Каб тая ж Цётка і іншыя творчыя постаці былі для іх нечым большым, чым тэмамі ўрока. А таму найперш мы развіваем у гімназіі розныя практычныя кірункі навучання. Мы іх саміх непасрэдна ўцягваем у даследаванне. Напрыклад, некалі мы разам з вучнямі здзейснілі знакавую для нас экспедыцыю “Па шляху Цёткі па Шчучынскім раёне”. У літаральным сэнсе прайшлі па ўсіх шляхах, звязаных з Цёткай, пабывалі на яе радзіме ў Пешчыне і на яе магіле ў Старым Двары, наведалі музей у Астрыне, апісалі ўсе помнікі (хто аўтар, калі быў пастаўлены і г.д.). Цікава, дарэчы, што тады мы нават засталі яшчэ жыхароў, якія памятаюць саму Цётку, у прыватнасці, чалавека, які прывозіў крыж-маналіт і ўстанаўліваў яго на магіле ў Старым Двары. Крыж-маналіт быў пастаўлены за грошы, якія засталіся Цётцы ў пасаг ад бацькі. Яна ж паходзіла са шляхецкага роду, бацька валодаў 200 гектарамі зямлі — 100 апрацоўваў сам, а 100 аддаваў у арэнду. Таму і пасаг быў значны. Яе магіла стаіць пры дарозе, гэта быў такі яе запавет. Паміраючы, яна прасіла, каб яе пахавалі пры дарозе, каб тры дні там гарэў касцёр і каб жыхары падтрымлівалі гэтае вогнішча як сімвал таго, што яны яе памятаюць. Усё, як яна прасіла, і адбылося…”Пра Цётку Алена Васільеўна можа расказваць бясконца.
“І вось у выніку той экспедыцыі нарадзіўся навукова-даследчы праект “Імя Цёткі ў памяці шчучынцаў”. Яго ў свой час абараняла мая вучаніца сямікласніца Каця Махнач. А сёння яна студэнтка 5 курса факультэта дзяржаўнага кіравання і права Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. І мне было вельмі радасна, калі яна пагадзілася прыехаць на нашы сёлетнія “Шчучынскія чытанні” і выступіць перад удзельнікамі на тую ж тэму, якую яна даследавала калісьці ў гімназіі, — “Імя Цёткі ў памяці нашчадкаў”. Яна мне прызналася, што для яе і тая колішняя экспедыцыя, і работа над праектам назаўсёды засталіся ў сэрцы. Безумоўна, сённяшняе яе выступленне не будзе копіяй таго даследавання. Гэта будзе погляд ужо сталага чалавека, але для якога Цётка не засталася ўсяго толькі гімназічным успамінам…”
У гімназіі ў Алены Васільеўны Пасюта — трывалая рэпутацыя апантанай настаўніцы-вынаходніцы, да забыцця ўлюбёнай у свой прадмет “Беларуская мова і літаратура”, проста ў беларускую мову і проста ў беларускую літаратуру. Яна пастаянна ладзіць творчыя сустрэчы-літгасцёўні з пісьменнікамі-землякамі. Заснавала газету “Гімназіст”. Нярэдка выступае з даследчымі артыкуламі ў друку. Ад яе я ўпершыню пачуў пра такую форму работы з навучэнцамі, як пазл-канферэнцыі, калі, напрыклад, 20 чалавек выступаюць кожны па сваёй вузкай тэме, але ў разрэзе адной шырокай тэмы, а потым гэтыя выступленні складаюцца, як пазлы, у адно непадзельнае ўяўленне-веды.
Пытаюся ў Алены Васільеўны: “Адкуль вы такая? Натхнёная, вынаходлівая, непаседлівая… Можа быць, конкурс “Настаўнік года”, у якім у свой час вы бралі ўдзел і сталі фіналістам, адыграў сваю вырашальную ролю?”
А яна, смеючыся: “Ды не. Усё гэта было яшчэ задоўга да таго конкурсу… Калі мы прыйшлі сюды працаваць у 2004 годзе, а я тады, напэўна, была самай маладой настаўніцай у калектыве, нам усім здавалася, што гімназія — гэта штосьці неверагоднае. І нам хацелася тварыць неверагоднае, развівацца самім і развіваць нашых дзяцей на ўзроўні менавіта гімназіі. Мы бачылі, што ўсе нашы прыдумкі, усе нашы намаганні даюць плён. Што дзеці цікавяцца. Што яны ў нас у гімназіі нейкія асаблівыя — і ў выхаваўчым плане, і ў плане адукаванасці… А цяпер спыніць увесь гэты творчы рухавік мы не маем права. Дый не змаглі б, нават калі б захацелі”.
Сем цудаў Шчучыншчыны
(паводле даследчага праекта Алены Лісоўскай і яе вучняў)
Цуд першы. Пугачоўскі валун
Непадалёку ад вёскі Вялікія Пугачы, што за 22 кіламетры ад Шчучына ў паўночна-заходнім кірунку, на полі ляжыць валун ружовай буйназярністай структуры. Яго назвалі Пугачоўскім і аб’явілі помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Даўжыня каменя — 8 метраў, шырыня — 7 метраў, вышыня — 2,19 метра. Мясцовыя доўгажыхары называюць гэты валун “вялікім каменем” і расказваюць, што раней ён быў нашмат вышэйшы. Маўляў, тут калісьці шумеў лес, і каб залезці на камень, трэба было спачатку ўскараскацца на бярозу, якая расла побач.
Цуд другі. Маленькі Версаль
Так называюць адрэстаўрыраваны былы палац князёў Друцкіх-Любецкіх з-за яго падабенства да так званага Малога Трыанона (архітэктар Габрыель), які знаходзіцца на тэрыторыі Версаля — рэзідэнцыі французскіх каралёў. І гэта невыпадкова. Князь Ксаверый Друцкі-Любецкі ў свой час быў накіраваны ад Расійскай імперыі паслом у Францыю, а вярнуўшыся на радзіму, безумоўна, мог і дазволіць такую мілую экстравагантнасць — стварыць для сябе “маленькі Версаль” у Шчучыне.
Цуд трэці. Царква-крэпасць у Мураванцы
Гэты храм абарончага тыпу, пабудаваны ў пачатку ХVI стагоддзя, не можа не зачароўваць. Ён нагадвае і замак, і цытадэль. Велічныя вежы з байніцамі, сцены двухметровай таўшчыні, жывая і таямнічая гісторыя… Невыпадкова гэты аб’ект вельмі прыцягальны для турыстаў. І невыпадкова аўтары энцыклапедычнага даведніка “Архітэктура Беларусі” вынеслі выяву царквы-крэпасці ў Мураванцы на вокладку.
Цуд чацвёрты. Ікона Ракавіцкай Божай Маці
Паводле падання, у 1748 годзе мешчаніну Макрэцкаму прысніўся прарочы сон — яму з’явілася Багародзіца. Раніцай ён пайшоў да ўказанага месца ля ракі, дзе і знайшоў ікону. Рачулка змялела, амаль знікла. І толькі там, дзе была знойдзена ікона, і сёння бруіцца цудадзейная крыніца — гаючая вада дапамагае хворым людзям, ачышчае духоўна, надае сілы. На сродкі мешчаніна Макрэцкага ў гэтым месцы ўзвялі драўляны храм, у ім і знаходзілася ікона. Праўда, праз нейкі час яе з ушанаваннямі даставілі ў Вільню, а ў Ракавічах і па сённяшні дзень захоўваецца і не меней ушаноўваецца спіс іконы ў сярэбраным акладзе. Кажуць, гэтая выява Ракавіцкай Божай Маці таксама творыць цуды, вылечвае людзей фізічна і духоўна.
Цуд пяты. Коркавы гай
Сапраўдны батанічны цуд Шчучыншчыны — коркавы гай. Прыблізна за 10 кіламетраў ад райцэнтра, у наваколлі вёскі Малыя Баяры, раскінулася цэлая плантацыя коркавага дрэва (яно ж — аксаміт амурскі), якую ў 1954 годзе заклалі работнікі Шчучынскага лясніцтва. Гэта сапраўды проста нейкае дзіва, што дрэвы, радзімай якіх з’яўляюцца паўднёвыя шыроты, трывала прыжыліся на Беларусі.
Цуд шосты. Калегіум піяраў
У сярэдзіне XVIII стагоддзя Шчучын нагадваў маленькі Оксфард. Тут у калегіуме асветніцкага ордэна манахаў-піяраў выкладалі тэалогію, філасофію, этыку, логіку, рыторыку, усходнія мовы і яшчэ мноства іншых прадметаў ажно пяць прафесараў. А рэктарам калегіума быў знакаміты навуковец Станіслаў Баніфацый Юндзіл.
Цуд сёмы. Вітражы Чырвонага касцёла ў Старых Васілішках
Велічным помнікам неаготыкі з’яўляецца Петрапаўлаўскі касцёл у вёсцы Старыя Васілішкі. Яго пабудавалі ў 1897—1903 гадах з чырвонай цэглы па праекце вядомага польскага архітэктара Канстанціна Вайцяхоўскага. Мастацкую выразнасць інтэр’еру надаюць фрэскі, чаканка, мноства скульптур, арыгінальная штучная пячора, створаная ў левым нефе касцёла… Але адным з цудаў Шчучыншчыны трэба лічыць вітражы касцёла. Выкананыя ў лепшых традыцыях вітражнага мастацтва, яны распавядаюць пра пакутніцкі шлях Хрыста. Вітражы запаўняюць усе аконныя праёмы, утвараючы дзівосную гульню святла і ценяў. Гэта варта ўбачыць!
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і БелТА.