У адзін з асабліва халодных і пахмурных апошніх красавіцкіх дзён, як заўсёды, прачынаюся а 7-й раніцы. Сам не менш хмурны іду па звычцы на кухню, кармлю спачатку свайго любімага ката, выпіваю шклянку вады, стаўлю на пліту каву, прыадчыняю крыху акно і, хай Бог даруе згубную звычку, закурваю. Што бачу я са свайго акна на чацвёртым паверсе “брэжнеўкі” ў цэнтры Мінска?
Анічога… Здаецца, яшчэ ўсе вакол спяць.
Але ж не!
Вось нейкі чужы бяздомны шэры кот шугануў з адных кустоў у другія. Праз секунду туды ж за ім кінулася нейкая рыжая чужая кошка…
Вось на балкон у доме насупраць выйшла жанчына. Як і я, закурвае, глыбока ўдыхае першую зацяжку і тарашчыцца на мяне…
Вось да суседняга пад’езда з візгатам пад’ехала таксі: з яго выходзяць адразу яны ўдвух — пасажыр і вадзіцель. Пра нешта (мабыць, пра аплату праезду) доўга спрачаюцца. Пасажыр, у якім пазнаю аднагодка, выпускніка суседняй школы, накіроўваецца ў свой пад’езд, даўшы вадзіцелю нейкую грашовую паперчыну. Той незадаволена бурчыць, ляскае дзверцай, газуе са скрэжатам на ўвесь двор, разварочваецца і з’язджае з майго двара…
Я адчуваю: мне вельмі сёлета не хапае сапраўднай вясны!
А можа, не толькі сёлета. Прыблізна з таго часу, калі мне споўнілася сорак, без літасці да сябе адчуваю, што неяк прытупіліся мае рэцэптары шчасця і натуральнай асалоды. Калі раней усё — вершы, словы каханай, размовы з сябрамі — ішло з лёгкасцю само знутры, дык цяпер я ўсё часцей мушу насільна выклікаць псіхалагічныя стымулы.
Знімаю з пліты каву, раблю першы глыток, зноў закурваю.
Жанчына з суседняга балкона ўжо сышла. Не чуваць ужо і каціных енкаў.
Уключаю FM-радыё і адным вухам слухаю зводку здарэнняў: недзе на МКАД разбіўся матацыкліст — адна з першых ахвяр любові хуткай язды на двух колах… Становіцца яшчэ больш сумна.
Прыслухоўваюся да прагнозу надвор’я. У Мінску ўсяго +2. Ды і ў Заходняй Еўропе не надта цяплей: у Берліне — +5, у Парыжы — +7, толькі ў Венецыі ўжо +17… Але ж дзе тая Венецыя?
Вясна, калі ты ўжо прыйдзеш?
Зноў зірнуў у акно і… нечакана ўбачыў пупышку на бярозе — сваёй 44-гадовай равесніцы. “Прывітанне! — сказаў ёй. — Дык калі ўжо прыйдзе сапраўдная вясна?” У адказ — сарамлівае маўчанне.
Потым зноў убачыў жанчыну на балконе насупраць.
Затым — тых самых катоў — шэрага і рыжую. Бяздомных, брудных і непрыгожых. Але яны ўжо так весяліліся!
Так, у рэшце рэшт у маю душу ўваходзіла вясна…
* * *
А чаму з такой мудрагелістай і даўгаватай прэлюдыі я пачаў гэтыя нататкі ў рубрыцы “Свет мастацтва”? Ды таму, што ўсё на самай справе не так і дрэнна вакол і ўнутры цябе! Шчасце можна знайсці і ўбачыць, калі захацець. І, напрыклад, для мяне яно не толькі ў вясёлых карцінках за акном, але і ў бязмежным свеце мастацтва, якое можна аглядаць, пазнаваць, вывучаць, перажываць… Я ўжо ведаў тады, што ў канцы красавіка — пачатку мая значную частку свайго часу прысвячу паходам на мастацкія выставы, бо тое, што падрыхтавалі для нас сёлетняй халоднай вясной куратары айчыннага мастацкага жыцця, дырэктары музеяў і іншых культурных устаноў, і, вядома ж, самі мастакі, здаецца проста неверагодным! Нават і не ведаю, з чаго пачаць. Мабыць, згадаю па магчымасці пра ўсё патроху…
Пачну з таго беспрэцэдэнтнага факта, што днямі ў Нацыянальным мастацкімі музеі Беларусі адкрылася экспазіцыя арыгінальных гравюр вялікага галандца Рэмбранта. Усяго на ёй прадстаўлена 70 твораў. Здаецца, ужо само толькі імя мастака, з якім асацыіруецца залаты век галандскага жывапісу (ХVII стагоддзе), гаворыць за сябе. А яшчэ больш скажуць наведвальнікам гравюры! Выстава будзе працаваць па 3 ліпеня.
У прастору “ЦЭХ”, якая знаходзіцца ў сталіцы па адрасе Кастрычніцкая, 16, усяго на некалькі тыдняў (да 24 мая) завітала знакамітая Міжнародная выстава World Press Photo — 2017. Многія з прадстаўленых тут фотаработ, магчыма, ужо вядомы аматарам дакументальнага фота. Напрыклад, вусцішны фотаздымак, на якім мы бачым турэцкага афіцэра паліцыі праз секунду пасля таго, як ён забіў пасла Расіі ў Турцыі Андрэя Карлава. Або фота, дзе 27-гадовая амерыканка Аіша Эванз зладзіла дэманстрацыю перад паліцэйскім дэпартаментам у знак пратэсту супраць гвалту паліцэйскіх у дачыненні да чорнага насельніцтва. Таксама, бадай, і ўсе астатнія фотаздымкі — з пакалечанымі ў гарачых кропках свету дзецьмі, з мёртвым насарогам, якому адрэзалі ахвочыя да нажывы садысты рог, і інш. — прымушаюць найперш здрыгануцца ад таго, на якія страшныя злачынствы здольны людзі, і, як могуць, па-свойму папярэжваюць наступнае магчымае зло.
Гарадская прастора ў сталічным Верхнім горадзе днямі ператварылася ў суцэльную арт-пляцоўку, дзе сёння можна ўбачыць адмысловыя мастацкія інсталяцыі. На жаль, большасць з іх прастаіць тут толькі недзе 10 дзён, пачынаючы з 3 мая. Але праект “Мінск — горад прыгажосці”, у адкрыцці якога прымалі ўдзел не толькі мастакі, рамеснікі, але і музыканты, прадстаўнікі айчыннай fashion-індустрыі, стаў пачаткам новага культурнага сезона ў Верхнім горадзе, дзе можна будзе на працягу наступнага паўгоддзя паслухаць джазавую музыку, убачыць за работай майстроў-рамеснікаў і мастакоў, паглядзець паказы вулічных тэатраў і інш.
У сталічнай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” гэтымі днямі працуе выстава малюнкаў юных мастакоў — удзельнікаў штогадовага Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі “На сваёй зямлі”, заснавальнікамі якога традыцыйна выступілі грамадская арганізацыя “Беларускі зялёны крыж” сумесна з міністэрствамі адукацыі, культуры, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі. У экспазіцыю, якую можна наведаць да 17 мая, увайшлі малюнкі дзяцей з Аргенціны, Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, Ірана, Казахстана, Літвы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Славеніі, Тайланда, Турцыі, Украіны. Сёлета на конкурс было прадстаўлена 11 924 работы з 36 краін свету. Мастацкімі выставамі па выніках конкурсу “На сваёй зямлі” ніколі не перастаеш захапляцца найперш па той прычыне, што яго юныя ўдзельнікі заўсёды памятаюць, што жывуць яны менавіта на сваёй зямлі, адлюстроўваюць у сваіх творах асаблівасці сваіх культур, але сваім лічаць і ўвесь зямны шар.
* * *
А цяпер крыху падрабязней пра тры мастацкія падзеі сёлетняй вясны, своеасаблівае трыенале, прысвечанае 130-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала.
На сталічнай плошчы Якуба Коласа адкрылася экспазіцыя пад адкрытым небам “Залатая калекцыя беларускага жывапісу” ў рамках праекта “Мастак і горад”. Тут прадстаўлена шырокая панарама сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва — творы 35 аўтараў розных пакаленняў і розных поглядаў на мастацтва. І здзіўляешся тут менавіта гэтай рознасці, дакладней, неверагоднай разнастайнасці кірункаў, у якіх працуюць ці зусім нядаўна яшчэ працавалі айчынныя творцы.
Зрэшты, дадзім слова прафесіяналам — куратару праекта дырэктару Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Наталлі Шаранговіч і доктару філасофскіх навук загадчыку кафедры мастацтваў Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ Ігару Духану: “Беларуская акадэмічная школа, якая сфарміравалася ў 1960—70-я гады, і сёння застаецца цэнтрам айчыннай візуальна-пластычнай культуры. Гэтая школа (і яе лепшыя прадстаўнікі — Уладзімір Тоўсцік, Валерый Шкаруба, Рыгор Сітніца, Уладзімір Зінкевіч і іншыя) захавала свой рэалістычны і пластычны пачатак, але пры гэтым атрымала развіццё ў формах свабоднай жывапіснай пластычнай імправізацыі. Класічная кампазіцыя, фігуратыўнасць, пейзажныя матывы, зварот да вобразаў роднай зямлі характэрны для мастакоў розных пакаленняў, сярод якіх Леанід Шчамялёў, Гаўрыіл Вашчанка, Васіль Шаранговіч, Анатоль Бараноўскі, Васіль Сумараў, Ігар Бархаткоў, Леанід Дударэнка, Уладзімір Кожух. У іх творах вызначаецца дакладная кампазіцыйная будова, яскравая пластычная мадэліроўка форм, што сведчыць: традыцыя і посттрадыцыя захоўваюць сёння сваю значнасць.
Тэма архаікі натхняе творцаў ужо шмат гадоў. Работы Валерыя Славука, Уладзіміра Вішнеўскага, Юрыя Хілько, Юрыя Якавенкі, Аляксандра Сільвановіча аднаўляюць і адначасова нанова канструююць нацыянальныя міфы і метафары старажытнасці.
Фактурна-экспрэсіўныя пошукі ў сучасным мастацтве Беларусі адлюстроўваюць працяглую традыцыю айчыннага і сусветнага мастацтва ХХ стагоддзя. У мастацкай творчасці эпохі сацыялізму эксперымент стаў магчымы менавіта ў фактуры і тэкстуры жывапісу, а не ў яго сэнсавым або кампазіцыйным ядры. Складаную фактурна-тэкстурную гульню культывуе жывапіс Зоі Літвінавай, Мікалая Бушчыка, Леаніда Хобатава, Георгія Скрыпнічэнкі.
Абстракцыя, яшчэ адна з граней багатага творчага поля беларускага мастацтва, адсылае нас да авангарднага багажу першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя. Работы Анатоля Кузняцова, Аляксандра Салаўёва раскрываюць дынамічную прыроду абстракцыі, блізкую да пошукаў абстрактных экспрэсіяністаў.
Што аб’ядноўвае сабраных у адной экспазіцыі мастакоў? Іх аб’ядноўвае шматвобразнасць, пераасэнсаванне вопыту папярэднікаў, прыхільнасць да традыцый — класічнай і авангарднай, пашырэнне вобразнасці твора праз яго знакавасць — усё гэта знаходзіцца ў суладдзі з беларускай ментальнасцю”.
Даруйце такую доўгую і, магчыма, празмерна навуковую цытату, але ў ёй вельмі дакладна і прафесійна сфармуляваны пазіцыі, з якіх наша мастацтва ўпэўнена і паспяхова працягвае заяўляць пра сябе і ў свеце, і на Радзіме.
* * *
Яшчэ адной знакавай падзеяй Шагалаўскага трыенале стала Рэспубліканская выстава сучаснага мастацтва “Вяртанне вобраза” ў Палацы мастацтва.
Пра яе можна расказваць бясконца, як бясконца і хадзіць па ўсіх (!) плошчах Палаца мастацтва, аглядаючы яе. У гісторыі суверэннай Беларусі гэта трэцяя агульнарэспубліканская экспазіцыя сучаснага мастацтва, але, напэўна, самая грандыёзная і велічная з усіх. Само імя Шагала, чыё 130-годдзе сёлета адзначае ўвесь мастацкі свет, і асноўны дэвіз “Вяртанне вобраза” не дазвалялі зрабіць арганізатарам нешта вялае, ціхмянае і нецікавае.
Жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, канцэптуальныя аб’екты — тут ёсць усё… Дэманструецца нават работа самога Марка Шагала “Закаханыя” з калекцыі Белгазпрамбанка, велічна выстаўленая ў самым цэнтры Палаца мастацтва. Побач — творы ўдзельнікаў Шагалаўскіх пленэраў, работы з калекцыі музея Марка Шагала ў Віцебску.
А, мабыць, найбольшае ўражанне пакідаюць скульптуры, ці нават хутчэй інсталяцыі, якія дэманструюцца ў рамках праекта “Прастора адной ідэі”. Па словах яго куратара, вядомага скульптара, мастацтвазнаўца Івана Арцімовіча, задача гэтага выставачнага праекта — паспрабаваць адлюстраваць шырыню пластычнага і канцэптуальнага зместу, якая закладзена ў скульптурным творы, праз яго сінтэз з навакольнай прасторай. Вось мы і бачым тут, напрыклад, кампазіцыю Паліны Піраговай і Васіля Цімашова: з вялізным лістом шыферу ў якасці агульнага фону, з чыгункамі, якія ў свой час прыйшлі на змену глінянаму посуду, аднак і яны ўжо з’яўляюцца нібыта перажыткам. Аўтары літаральна крычаць сваім творам пра продкаў, пра спрадвечную культуру і вёску, якія незваротна знікаюць.
Побач — не менш яркая і напоўненая глыбінным зместам кампазіцыя Віктара Копача “Формула сусвету”. Асновай інсталяцыі з’яўляецца фрагмент зруба, той самай хаты з вёскі Копачы, дзе прайшло дзяцінства скульптара, дзе пачынаўся ён як асоба. Кампазіцыю аўтар напаўняе шэрагам сімвалаў: стальным дыскам (сонца), каменнем (падмурак хаты і скульптурны матэрыял), дзвярамі, праз адны з якіх можна ўвайсці ў свет, у сям’ю, у храм, а другія лунаюць над кампазіцыяй і нібыта будуць заўсёды недасягальнымі для чалавека, але менавіта яны з’яўляюцца выратавальнымі… Хрыстос кажа: “Я — дзверы; хто ўвойдзе праз мяне, выратаваны будзе; і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе”.
Дарэчы, сакральная рэлігійная тэма наогул прагучала вельмі моцна на гэтай выставе. Гэта і скульптура “Малітва” Аляксандра Сакалова, і інсталяцыя “Галгофа” Аляксандра Шапо, і твор Канстанціна Касцючэнкі “Укрыжаванне”, і многія іншыя творы. Для мяне ж самай пранізлівай падалася жывапісная работа Сяргея Рымашэўскага “Хрыстос на Месяцы”: Ісус Хрыстос сапраўды выяўлены на Месяцы; ён сядзіць у цярновым вянку на камені, сумна падпёршы рукой галаву, і глядзіць уніз… А недзе далёка-далёка кружыцца таксама зусім адзінокая планета Зямля.
* * *
Нарэшце, “Шорт-ліст” — выстава твораў намінантаў Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва, размешчаная ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў і яго філіяле — Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.
Лаўрэтаў прэміі журы вызначыць 17 мая ў такіх намінацыях, як “Жывапіс”, “Графіка”, “Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Крытыка і мастацтвазнаўства”, “Дэбют” (творы ўдзельнікаў, якія не дасягнулі 30-гадовага ўзросту), “Навацыя”, “Мастацкая фатаграфія”, “Скульптура”, “Дызайн”.
І тут я доўга гаварыць не буду. Проста стаўлю кропку. Не, нават клічнік! Гэта першая ў гісторыі Беларусі Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва!
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.