Якія смачныя гэтыя яблыкі Янкі Купалы

Прырода сваёй непаўторнай прыгажосцю захапляе кожнага чалавека. Мы папаўняем свае сілы, знаходзячыся на прыродзе: назіраючы світанні і захады сонца, слухаючы шум траў, спевы птушак, звон ручаёў. Якая цудоўная пяшчотная і непаўторная прырода нашай краіны. Яе прыгажосць уславілі многія паэты, пісьменнікі і мастакі ў сваіх творах. Вялікую ролю прырода роднага краю адыгрывае ў выхаванні і навучанні юных мастакоў.

Навучэнцы 2 “Д” и 4 “Г” класаў сярэдняй школы №1 Лагойска — аўтары пленэрных работ.

На пленэры мастак любога ўзросту вучыцца адчуваць і разумець прыроду, улоўліваць яе настрой, адчу­ваць рух святла і паветра. Навучаючы выяўленчаму мастацтву, вучні павінны адчуваць і разумець тое, што адбываецца навокал. Так, прапускаючы праз сябе інфармацыю навакольнага свету, маленькі мастак, эмацыянальна рэагуючы, стварае свае першыя індывідуальныя работы.

Прырода з’яўляецца невычэрпнай крыніцай пазнання, назірання. Замалёўваючы травы і кветкі, назіраючы за насякомымі, ужо на першых этапах навучання дзеці аналізуюць канструкцыю таго, што малююць. Хаця першапачаткова работы маленькіх мастакоў не столькі канструктыўныя, колькі эмацыянальныя. Гэта потым развіваецца назіральнасць і дзіця прыходзіць да таго, што трэба падлічыць, колькі ножак у мурашкі ці павучка, якое цельца кожнага, пазнае і бачыць агульнае і рознае.

Вядома, што ўсе віды мастацтва цесна ўзаемазвязаны. Навучэнцы могуць прачытаць вершы і апавяданні беларускіх аўтараў пра родны край, паслухаць музыку, прысвечаную Радзіме. Усё гэта паспрыяе больш тонкаму і глыбокаму адчуванню прыгажосці роднай прыроды і натхніць на стварэнне больш якасных, напоўненых сэнсам твораў. Маючы вопыт пленэрных работ, навучэнцы змогуць ілюстра­ваць творы аб прыродзе, выконваць стылізацыю траў і раслін, ствараючы работы дэкаратыўна-прыкладнога характару.

Для далучэння навучэнцаў да культуры свайго народа можна наведваць музеі, выставы, родныя месцы мастакоў і паэтаў. Там маленькія мастакі прычыняцца да прыгожага. Напрыклад, беларускі класік Янка Купала. Купалаўскі парк у Мінску, Вязынка — радзіма Янкі Купалы, Акопы — месца творчага станаўлення паэта — усе гэтыя месцы напоўнены ціхай чароўнай прыгажосцю прыроды. Можна доўга хадзіць па вузкіх сцяжынках, натхняючыся адасобленасцю і цішынёй гэтых вельмі прыгожых мясцін. А лепш намаляваць гэтую, здавалася б, некранутую з часоў паэта прыгажосць. Калі юныя мастакі бачаць маленькі домік-сядзібу ў Вязынцы, дзе нарадзіўся пісьменнік, шматвяковыя елкі і ліпы, сажалку, калодзеж-журавель — усё гэта выклікае замілаванне і захапленне.Тут экскурсавод раскажа пра жыццё і творчасць беларускага класіка.

Гэта вельмі маляўнічыя мясціны, і, канечне ж, маленькія мастакі свабодна выбіраюць месцы і ракурсы для сваёй творчасці. Размяшчаемся і малюем рознымі матэрыяламі. Вязынка асабліва прыгожая познім летам і ранняй восенню. Жаўцізна ледзь кранула кроны дрэў, а травы яшчэ насычана зялёныя. А яблыні — гэта штосьці цудоўнае, усыпаны чырвонымі наліўнымі яблыкамі. Асабліва добрая яблынька ля сажалкі. Яе галінкі пад цяжарам яблыкаў схіліліся да самай зямлі, яблычкі, што апалі, губляюцца ў някошанай траве. Некаторыя дзеці аб’ектам сваёй творчасці выбіраюць яблыньку. Хтосьці малюе сажалку, калодзеж. Нам дазваляюць пачаставацца яблыкамі. Ідзе работа. Нам нават не перашкаджае дождж.

Намаляваўшы пейзажы, мы дружна збіраемся ў аўтобус. Пленэрны дзень удаўся, маленькія мастакі стаміліся і ціхенька, задумаўшыся, едуць дадому, вязуць свае першыя творы.

— Дзеці, што вам запомнілася? Што спадабалася ў Вязынцы? — хочацца, каб штосьці кранула сэрцы і розумы вучняў.

— Якія ж смачныя гэтыя яблыкі Янкі Купалы! — з захапленнем адказваюць сямігадовыя аўтары. Гэтыя адкрытыя прамалінейныя дзіцячыя думкі і эмоцыі… Будуць ісці гады і, чытаючы творы Янкі Купалы, вучні будуць успамінаць Вязынку і гэтыя цудоўныя яблыкі, таму што першыя ўражанні самыя яркія, яны застаюцца назаўсёды.

Алена НІКАНЮК,
настаўніца выяўленчага мастацтва сярэдняй школы № 1 Лагойска, Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў.