Напярэдадні свята Дня беларускага пісьменства міністр інфармацыі Лілія Станіславаўна Ананіч па традыцыі сабрала журналістаў на прэс-канферэнцыю, каб анансаваць праграму святочных мерапрыемстваў, расставіць у ёй пэўныя акцэнты і адказаць на пытанні медыйшчыкаў.
А пачала яна з таго, што літаральна толькі-толькі вярнулася са Шчучына (прэс-канферэнцыя праходзіла ў панядзелак, 31 жніўня), дзе ўрачыста адкрывала новы аб’ект — кніжную краму “Несцерка”. І ёй было вельмі прыемна бачыць там дзяцей, бацькоў, настаўнікаў, якія з цікавасцю аглядалі кніжныя паліцы. Прычым яны ўбачылі, што там прадстаўлена тая літаратура, якая да гэтага часу не была даступная шчучынцам. Проста да гэтага ў Шчучыне не было такой кропкі — асобнай кніжнай крамы. “І такім чынам мы выправілі гэты пралік. Нават не пралік, а проста вынік той сітуацыі, якая склалася ў даўнейшыя гады, яшчэ ў пачатку 90-х, калі сістэма кнігагандлю страчвала кніжныя крамы, яны пераходзілі ў прыватныя рукі. І толькі сёння мы можам сказаць, што дзяржава вядзе мэтанакіраваную работу па развіцці сістэмы кнігагандлю”, — адзначыла міністр. Лілія Станіславаўна пры гэтым дадала, што крыху раней у Шчучыне з’явіўся новы павільён “Гроднасаюздруку”. Міністр звярнула ўвагу, што ў гэтым павільёне прадстаўлены не толькі ўвесь спектр айчыннай прэсы і кнігі, але і тавары да новага навучальнага года, у тым ліку школьныя сшыткі, вокладкі якіх праілюстраваны выявамі знакавых сацыяльна-культурных аб’ектаў: Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Палаца Незалежнасці, “Мінск-Арэны” і інш.На прэс-канферэнцыі Лілія Ананіч агучыла вельмі красамоўную лічбу: у падрыхтоўку Шчучына да правядзення там Дня беларускага пісьменства (добраўпарадкаванне гарадскога асяроддзя, прывядзенне да ладу знакавых гарадскіх аб’ектаў і г.д.) укладзена каля 80 млрд рублёў. У сувязі з гэтым толькі некалькі значных фактаў: абноўлены былы палац князёў Друцкіх-Любецкіх (дзе цяпер — увага! — размесціцца Шчучынскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі), Шчучынская цэнтральная раённая бібліятэка імя Цёткі, раённы Дом культуры, іншыя аб’екты; ля ўязнога знака ў горад усталяваны самалёт МіГ-25 як адна з візітовак Шчучына, дзе з сярэдзіны 50-х да сярэдзіны 90-х размяшчаліся авіяцыйная база і стратэгічны аэрадром; адрамантаваны гарадскі стадыён “Алімп”, памяшканні цэнтральнай раённай бальніцы і цэлага шэрага ўстаноў адукацыі (пра апошнія падрабязней на наступных старонках).
“Я хацела б падкрэсліць, — адзначыла міністр, — што ва ўмовах, калі не так проста рэалізоўваць вось такія маштабныя праекты, як Дзень беларускага пісьменства, у фінансавым плане, наша краіна зусім не збавіла крок. Усё, што мы планавалі ў гэтым годзе зрабіць у Шчучыне, мы зрабілі ў поўным аб’ёме. І гэта гаворыць пра тое, што дзяржава цвёрда працягвае арыентавацца на развіццё сацыяльнай сферы нашых малых гарадоў, на зберажэнне духоўна-гістарычнай спадчыны, на тое, каб сёння моладзь імкнулася да кнігі, да чытання, каб наша слова і далей працавала на наш сённяшні дзень і нашу будучыню”.
У працяг сказанага Лілія Ананіч прадставіла прысутным адмысловы зрэз развіцця кнігавыдання ў нашай краіне. Так, на сёння ў Беларусі працуюць 470 выдаўцоў. За першыя паўгода 2015 года выдадзена амаль 5300 найменняў кніг, што фактычна столькі ж, колькі і за такія перыяды мінулых гадоў. Праўда, пры гэтым змяншаюцца тыражныя паказчыкі. Міністр патлумачыла: “Дзяржаўныя выдавецтвы свае тэмпы не страцілі: сацыяльна значная літаратура, кнігі для школьных бібліятэк, творы беларускіх пісьменнікаў выдаюцца такімі ж тыражамі, што і раней. Падзенне ж агульных тыражных паказчыкаў звязана найперш са скарачэннем аб’ёмаў заказаў аднаго з нашых найбуйнейшых выдавецтваў “Харвест”, якое арыентавалася найперш на расійскіх выдаўцоў”.
Што тычыцца праграмы святочных мерапрыемстваў, якія пройдуць у Шчучыне 5 і 6 верасня, Лілія Станіславаўна асабліва засяродзілася на некаторых.Так, 5 верасня ў Шчучынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Цёткі (вуліца Леніна, 50) а 12-й гадзіце пачне працаваць міжнародны круглы стол “Сугучча: літаратурны працэс і інфармацыйнае грамадства”, арганізаваны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і рэдакцыйна-выдавецкай установай “Выдавецкі дом “Звязда”. Гэты праект стартаваў у 2007 годзе і з таго часу штогод ладзіцца ў рамках Дня беларускага пісьменства. Па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі ў 2013 годзе была выдадзена адзінаццацітомная кніжная серыя “Сугучча сэрцаў”, у якую ўвайшлі творы сучасных пісьменнікаў усіх краін СНД. Створаны інтэрнэт-партал “Сугучча”, а таксама выпушчаны першы нумар аднайменнага альманаха, які ў далейшым плануецца зрабіць міжнародным. У 2014 годзе былі выпушчаны зборнікі твораў беларускіх і расійскіх пісьменнікаў “Сугучча: Беларусь — Масква” і “Сугучча: Беларусь — Санкт-Пецярбург”. Сёлета ў круглым стале прымуць удзел такія вядомыя літаратары, як Аляксандр Казінцаў, Валерый Казакоў, Георгій Прахін, Юрый Казлоў, Аляксандр Кажадуб (Расія), Святлана Ананьева (Казахстан), Ато Хаджаеў (Таджыкістан), Чынгіз Алі аглу (Азербайджан), Яронімус Лаўцюс (Літва), Слабадан Вуканавіч (Чарнагорыя) і інш.
Адначасова з гэтым круглым сталом у Шчучынскай гімназіі (вуліца Леніна, 64) пачнецца не менш значнае мерапрыемства — навукова-практычная канферэнцыя “Шчучынскія чытанні-2015” з удзелам вядучых навукоўцаў краіны (гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, літаратуразнаўцаў, этнографаў), а таксама настаўніцтва Шчучына. Чытанні арганізаваны пры непасрэдным удзеле Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. А прадметам абмеркавання стануць такія важныя тэмы, як “Беларуская мова і годнасць асобы” (першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі А.А.Лукашанец), “Культурна-асветніцкія ідэі Цёткі: сучасная запатрабаванасць” (дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы А.Э.Сабуць), “Археалагічная спадчына Шчучыншчыны і шляхі яе практычнага выкарыстання” (намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт В.Л.Лакіза), “Тысячагадовыя вытокі беларускага пісьменства” (намеснік дырэктара па навуковай рабоце філіяла “Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі кандыдат філалагічных навук С.Л.Гаранін), “Магдэбургскае права на тэрыторыі Беларусі і яго роля для развіцця культуры” (загадчык аддзела крыніцазнаўства і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук А.Б.Доўнар), “Першыя беларускія буквары: традыцыі і наватарства” (настаўнік беларускай мовы і літаратуры Шчучынскай гімназіі А.В.Пасюта), “Асветнікі Шчучынскага краю: Станіслаў Баніфацый Юндзіл” (настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі Шчучына Алена Яўгенаўна Лісоўская) і інш. Не абыдуцца “Шчучынскія чытанні” і без удзелу самых юных даследчыкаў — навучэнкі 9 “А” класа Шчучынскай гімназіі Кацярыны Гваздоўскай, якая выступіць з дакладам “Апалон Карынфскі — паэт і перакладчык вершаў Янкі Купалы”, навучэнкі 11 “А” класа гэтай жа ўстановы Дар’і Возна, якая пазнаёміць слухачоў з літаратурнай Шчучыншчынай, і вучня 10 “А” класа Антона Мархоцкага, які раскажа пра новы краязнаўчы маршрут па Шчучыншчыне.
І ў гэты ж дзень, 5 верасня, у Шчучынскім раённым доме культуры (вуліца Савецкая, 4) пройдзе IV конкурс юных чытальнікаў Гродзеншчыны “Жывая класіка”, удзел у якім прымуць пераможцы раённых конкурсаў (пачнецца а палове 16-й). Урачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства пачнецца 6 верасня а 12-й гадзіне на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы (набярэжная каля Шчучынскага раённага дома культуры), дзе разгорнецца мастацка-тэатралізаваная кампазіцыя “Квітней, Беларусь наша родная!”. Галоўнымі яе тэмамі стануць 70-годдзе Вялікай Перамогі і Год моладзі. І ўпершыню ў гэтым годзе ў рамках адкрыцця свята адбудзецца ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Міністр інфармацыі нагадала, што раней штогод на Дні беларускага пісьменства айчынным літаратарам уручалася ўзнагарода “Залаты купідон”, але сёлета яна набудзе менавіта нацыянальны статус. Арганізатарамі конкурсу на лепшы літаратурны твор года “Нацыянальная літаратурная прэмія” выступілі адразу тры міністэрствы — інфармацыі, культуры і адукацыі. “Тое, што дзяржава палічыла магчымым павысіць статус літаратурнай узнагароды менавіта да нацыянальнай прэміі, сведчыць аб клопаце пра развіццё нашай літаратуры”, — заўважыла міністр інфармацыі.
На плошчы Свабоды разгорнецца фестываль кнігі і прэсы, падчас якога можна будзе пазнаёміцца з тэматычнымі кніжнымі выставамі (“Да 500-годдзя кнігадрукавання” і “Уладзіміру Караткевічу — 85!”), выставай “СМІ Гродзеншчыны”, спецыялізаванымі праектамі (у прыватнасці экспазіцыяй плакатаў — пераможцаў Міжнароднага конкурсу патрыятычнага плаката моладзі краін СНД “Нам дарагі мір”), выставай самаробнай кнігі і інш. Тут жа пройдуць шматлікія сустрэчы, аўтограф-сесіі з пісьменнікамі, журналістамі, выдаўцамі. Будзе арганізаваны гандаль друкаванай прадукцыяй.
У горадзе майстроў “Народная творчасць — крыніца натхнення” (гарадскі сквер па вуліцы Савецкай) можна будзе набыць тэматычную сувенірную прадукцыю майстроў Гродзенскай вобласці, стаць на пэўны час вучнем каваля ці ганчара, паглядзець, як функцыянуюць друкарскі станок і станок для сушкі газет.
У Шчучынскім раённым доме культуры свае творы пакажуць гродзенскія прафесійныя мастакі. І тут жа можна будзе ўбачыць дзве экспазіцыі, прысвечаныя 70-годдзю Вялікай Перамогі, выставу рэдкіх выданняў і фотаздымкаў з фондаў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага.
Несумненна, не прыйдзецца сумаваць на дзіцячай пляцоўцы “Вясёлка дзяцінства” (гарадскі сквер па вуліцы Савецкай) ды пляцоўцы “Маладзёжная” (каля кінатэатра “Беларусь” па вуліцы Леніна). На першай для малых будуць арганізаваны сюжэтна-забаўляльныя праграмы “Гарадзенскія пагулянкі”, конкурс малюнка на асфальце “Малюем свет”, паказ гульнявога тэатра роставых лялек. На другой адбудуцца творчыя прэзентацыі ўстаноў вышэйшай адукацыі Гродна, патрыятычная акцыя “Памяць”, флэш-моб “За будучыню незалежнай Беларусі”. Тут жа будзе працаваць мабільны кінатэатр гістарычнага маршруту “Памяць у граніце”.
На пляцоўцы “Гартаючы старонкі…” каля былога палаца князёў Друцкіх-Любецкіх выступяць клубы гістарычнай рэканструкцыі Гродзенскай вобласці і ансамблі сярэдневяковай музыкі.
Адмысловае спартыўнае свята на стадыёне “Алімп” зладзяць… пісьменнікі з Саюза пісьменнікаў Беларусі. Можа, гэта будзе самае экзатычнае мерапрыемства?
А ўрачыстае закрыццё Дня беларускага пісьменства з цырымоніяй перадачы эстафеты свята, канцэртам майстроў мастацтва, светлавым шоу і феерверкам пройдзе позна вечарам. Дарэчы, ужо вядома, што наступнай сталіцай свята стане Рагачоў Гомельскай вобласці.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і БелТА.